Падзяліцца:
«Роздум. Па мясцінах натхнення». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.06.2023
«Роздум. Па мясцінах натхнення». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Прачытаў у свежым чэрвеньскім выпуску «Краязнаўчай газеты» пра сёмы рэгіянальны фестываль паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг» у Касцюковічах, і загучаў у памяці чмяліны бас майго незабыўнага сябра Алеся Пісьмянкова. І захацелася перачытаць яго шчымліваю навэлу з такой назвай: «У час цяжкі, у момант паваротны свайго жыцця я ўсё часцей вяртаюся ў шчаслівае маленства. Мае думкі і ўспаміны там, дзе нясуць свае светлыя воды мае любімыя Бяседзь, Зубраў і Сураў…

Гэтым спякотным летам, вудзячы рыбу каля Вербачкі, я сустрэў двух цыбатых хлапчукоў, выгаралых на сонцы аж да саламянасці, якія горда неслі па вяслу ладных акунёў і плотак. На пытанне,дзе так добра ловіцца, хлопчыкі дружна і зычліва параілі: «Ідзіце на Пісьмянкоў луг. Пісьмянкоў луг… Эх. Шкада, што гэта ніколі не пачуюць мае бацька і маці. Гэта яны, паліваючы потам зямлю, расчысцілі і зраўнялі зарослае непралазным хмызняком месца над Зубарам і ператварылі ў прыгожы раздольны луг...»

Шкада, што і Алесь не пачуе і не пабачыць прыгожае паэтычнае свята на яго радзіме, прысвечанае яму, дзе сімвалам сталі радкі з яго верша:

«Ён ранкам падкову знайшоў у расе,

Шчасліўчык, адораны лёсам.

І кожны падумаў: дамоў панясе!

А ён шпурлянуў у нябёсы:

«Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!»

Шчасліўчык, адораны лёсам, Алесь Пісьмянкоў, які пайшоў з зямнога жыцця так рана, пакінуў нам запавет: «Будзем, люді, шчаслівыя ўсе».

Родныя мясціны нашых творцаў… Яны дапамагаюць нам лепш зразумець веліч і прыгажосць нашага краю.

Гэты і Цімкавічы, дзе ў гэтыя выхадныя адбылося свята, прысвечанае Кузьму Чорнаму, і падарожжа на Ушачыну, якое наладзіў Дзяржаўны музей Петруся Броўкі.

«Як многа гавораць нам назвы такія», – пісаў у адным з вершаў Пятрусь Усцінавіч Броўка. Ён уславіў сваю рэчачку Ушачку, якой далёка да Дняпра, родную вёску Пуцілкавічы.

А Рыгор Барадулін у нізцы «З падстрэшша мамінае хаты» пакінуў такія вобразныя радкі: «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль», «Не адлучаўся я зусім з вушацкай хаты анікуды».

Сённяшнія падарожнікі змаглі наведаць родную хату Барадуліна, пабывалі ў вёсцы Бычкі на роднай сядзібе Васіля Быкава. Гэта пра гэтую мясціну напісаў паэт Мікола Мятліцкі:

«Шчыра душа абнадзеіцца, што пераможана зло. Ціха плыве над аселіцай Быкаўскай хаты цяпло».

А ў другую суботу ліпеня ў Вязынцы на Міншчыне адбудзецца чарговае свята паэзіі, прысвечанае класіку айчыннай літаратуры Янку Купалу, які нарадзіўся пад шатамі вязынкаўскіх бяроз.

І дзе б мы ні нарадзіліся: у Мінску або Полацку, Гомелі ці Брэсце, куткі Бацькаўчыны, апетыя нашымі паэтамі і пісьменнікамі, становяцца блізкія і родныя нам. Бо гэта наша зямля з яе слаўнай гісторыяй, з яе векавымі традыцыямі, якую нам берагчы і захаваць, дзе я аднойчы напісаў:

Мой шлях, памысны і высокі,

Бо ў родным краі гэты шлях.

Таму жадаю вам, сябры, цудоўных падарожжаў па родным краі, і хай творы нашых паэтаў і пісьменнікаў будзяць у вашых душах светлыя і шчырыя пачуцці.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: