Падзяліцца:
“Роздум. Па родным краі”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 17.06.2020
“Роздум. Па родным краі”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Сустрэў нядаўна знаёмага, з якім даўно не бачыліся. Пагаманілі пра жыццё-быццё. Не абышлося без размовы пра здароўе.

– Цяперашняя сітуацыя з гэтым вірусам зблытала ўсе планы на летні адпачынак, – пабедаваў ён. – Так штогод з сям’ёй некуды за мяжу ездзілі, да мора. А вось сёлета не ведаю, куды адправіцца.

Так, для многіх, хто любіў замежныя падарожжы, сёлетні летні адпачынак давядзецца праводзіць па-іншаму. Я параіў знаёмаму пабываць у цудоўных кутках нашай Беларусі.

– А што? – адгукнуўся той, – я ж, па-сутнасці, мала дзе ў нашых краях і быў...

Што ж, так сталася, што для некаторых нашых суайчыннікаў апошнім часам замежныя курорты больш вядомыя, чым свае родныя мясціны.

Тым не менш, прырода Беларусі, нашы гарады і вёскі могуць падарыць нямала сапраўдных адкрыццяў, хвілін замілавання і гонару за свой край.

Вось, да прыкладу, інфармацыя пра адзін з турыстычных маршрутаў, які адкрываецца сёння на Глыбоччыне. Назывецца ён “Страчаны рай: жыццё і катастрофа беларускіх штэтлаў” і распрацаваны Нацыянальным агенцтвам па турызму сумесна з райвыканкамамі тых раёнаў, дзе гэтыя паселішчы былі.

Штэтлы – гэта мястэчкі, у якіх мірна ўжываліся розныя этнічныя і канфесійныя супольнасці, дзе і католікі, і праваслаўныя, і іўдэі паказвалі прыклад сапраўднага сяброўства, узаемадзеяння і ўзаемаўзбагачэння культур і традыцый. Трагедыя Халакоста, рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва на акупаваных гітлераўцамі тэрыторыях падчас Вялікай Айчыннай вайны разбурылі былы мірны ўклад беларускіх мястэчак, але памяць пра іх жыве.

У сённяшняй прэзентацыі маршрута прымуць удзел прадстаўнікі парламенцкага корпусу, грамадскіх арганізацый, Міністэрства спорту і турызму.

Дарэчы, на Глыбоччыне, дзе стартуе гэты маршрут, нямала і іншых унікальных куткоў. Тут знаходзіцца самае глыбокае возера Беларусі. Гэта возера Доўгае. Як сведчаць крыніцы, яго глыбіня – больш за паўсотні метраў. Яно ўражвае і сваёй формай, высокай круцізной берагоў.

Здаўна возера прыцягвала да сябе чалавека. Шмат стагоддзяў таму ў ваколіцах Доўгага з’віліся славянскія плямёны крывічоў. Каля прыбярэжнай вёскі Бабруйшчына выяўлена звыш дваццаці курганоў, а ў старажытным гарадзішчы каля вёскі Свіла быў знойдзены гаршчок з жытам, які праляжаў у зямлі больш за тысячу гадоў. Пра гэта пісаў пісьменнік і падарожнік Яраслаў Пархута.

Нямала можна пабачыць цікавага і ў старажытным Браславе, палюбавацца на пацеркі азёр, якіх безліч у гэтых мясцінах, адпачыць у аграсядзібах, турыстычных цэнтрах.

Увогуле, усё Паддзвінне, утульныя райцэнтры і аграгарадкі, музеі могуць задаволіць густы самага патрабавальнага падарожніка.

Я ўжо не кажу пра Мір і Нясвіж, пра Гарадзеншчыну і Магілёўшчыну… Ды за адно толькі падарожжа гэтыя дзівосы ўсе не аб'едзеш.

Так што не морам адзіным можна задаволіць свае патрэбы ў адпачынку. І на роднай зямлі ёсць дзе пабываць і па-сапраўднаму адпачыць!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: