Падзяліцца:
“Роздум. Па той бок сапраўднасці”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.01.2021
“Роздум. Па той бок сапраўднасці”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Адной з любімых кніжак у маім дзяцінстве была аповесць Вольгі Асеевай “Васёк Трубачоў і яго таварышы”. Пра вернае сяброўства, пра ўзаемавыручку былі і ншыя кнігі, чытаныя і перачытаныя, дзе галоўныя героі мелі сапраўдных верных сяброў, якія заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу, падставіць плячо, стаць побач у моманты цяжкасцяў і выпрабаванняў.

Такіх сяброў шукаў і ва ўласным жыцці. Лёс мне падарыў дарагіх і блізкіх людзей, якіх я называў сябрамі. За ўсе гады іх было няшмат, але ў кожнага я верыў і з кожным гатовы быў стаць поруч у любы момант, падтрымаць, даверыць свае патаемныя мары і надзеі.

Нехта перастаў быць сябрам па розных прычынах, некага не стала, на жаль, і я праводзіў іх у апошні шлях з вусцішнасцю і скрухай.

Сябры! Шчаслівы той, хто спазнаў гэтае шчасце еднасці душ і памкненняў, веры і мужнасці.

Новыя вынаходствы чалавецтва, і самае магутнае з іх, інтэрнэт, імкліва ўварваўся ў наша жыццё і незаўважна стаў мяняць усе традыцыйныя ўяўленні пра маральныя каштоўнасці, якія стварала чалавецтва тысячы гадоў.

І з’явілася слова “фрэнд”, якое ўладна захапіла кожнага, хто знаходзіцца ў сеціве. Яно, гэтае слова, перакладаецца з англійскай як “сябар”. Такім чынам, цяпер у любога інтэрнэт-карыстальніка могуць быць сябры ў любой кропцы планеты. Вось так, памятаеце выраз: “не май сто рублёў, а май сто сяброў”. Якіх сто? Сёння многія маюць у віртуальным свеце не сто, а тысячы так званых “фрэндаў”. Самае дзіўнае, што большасць з іх яны ніколі не бачылі ў жыцці, але вядуць ажыўленую перапіску, дзеляцца, спрачаюцца, “лайкаюць”. Для тых, хто не ведае, «лайк» у інтэрнэце азначае “падабаецца”. Гэта таксама пераклад з англійскай. Так што вясковец з беларускай глыбінкі можа “лайкаць” незнаёмаму фрэнду ажно ў Берлін або Парыж.

Штодня я атрымліваю запыты на сяброўства ад зусім незнаёмых людзей. Хто прыкладае свой фотаздымак, хто хаваецца пад выявамі звяроў, кветак, нейкіх сімвалаў.

Але ўсе абавязкова хочуць стаць сябрамі. Зноў вярнуся да свайго звычайнага жыцця. На жаль, былі і такія сярод маіх добрых знаёмых, якія не вытрымалі экзамен на сяброўства, для некага, магчыма, такім быў я. Але хто ж мог падумаць, што цяпер можна мець аж пяць тысяч “сяброў”, пры выпадку выдаляць, і набіраць новых.

Нібыта нейкая рулетка, страшнаватая гульня ў паняцці сяброўства, еднасці, суперажывння…

Гэта нібыта палявыя кветкі замяніць цалафанавамі клонамі, прыгожымі, але без водару, і дарыць іх каханым і родным. Такія кветкі сёння можна знайсці і пакласці самі ведаеце каму.

Свет імкнецца да серыйнасці, агульнасці, сціраючы ўсе індывідульныя рысы.

Памятаеце, што такое пісьмо, паштоўка, колькі трэба было шукаць патрэбных слоў, каб выказаць свае думкі і пачуцці? Сёння ж нічога самому пісаць не трэба. Ёсць паштоўкі з гатовымі тэкстамі. А цяпер яшчэ мадней: некаторыя з маіх добрых знаёмых прысылаюць па “вайберу” “стыкеры” або мульцяшкі з гатовымі тэкстамі і відэа. Разумееце, замест звычайнага званка і вітання “здароў!” атрымліваю такі вось такі тэкст: “Мороз не гиблый, оттепели к месту, в гирляндах ёлку…” І прыгожы анёльчык на фота…

І адаслаў гэта суровы мужык, якога ведаю сто гадоў, і не раз гутарыў з ім па тэлефоне.

Дык можа падабраць “стыкеры” на ўсе выпадкі жыцця і перастаць зусім мець рэальныя стасункі?

Вядомыя фантасты не раз стваралі сюжэты пра тое, што чалавецтва можа пакрысе ператварыцца ў робатаў і цяжка стане разабрацца, дзе робат, а дзе чалавек.

Усё тое, пра што я гаварыў, у нечым выклікае падобныя асацыяцыі. Дык што: кінуць інтэрнэт, закрыцца ў сваёй уласнай шкарлупіне? Вядома, не. Але нядрэнна было б адрозніваць тое, што ёсць у звычайным жыцці, ад таго, што па той бок сапраўднасці...

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: