28 красавіка 1900 года ў Кушлянах, што на Смаргоншчыне, перастала біцца сэрца выдатнага сына Беларусі, аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча.
Біяграфія і жыццёвы шлях паэта, «народнага адваката», бо як юрыст, Францішак Багушэвіч прысвяціў сваю працоўную дзейнасць абароне простых сялян, – прыклад высокага патрыятызму, адданасці роднаму слову.
Вершы Францішак Багушэвіч пачаў пісаць у юнацкім узросце. Шматлікія вершаваныя творы склалі два паэтычныя зборнікі «Дудка беларуская», «Смык беларускі». Асноўныя тэмы творчасці Багушэвіча: жыццё беларускага народа, барацьба з прыгнятальнікамі, адносіны да роднага слова.
Трэба сказаць, што ў тыя часы слова на роднай мове для простага люду прабівалася ў творчасці папярэднікаў Багушэвіча як фрагменты народнага побыту, як вызначэнне геаграфічнай прыналежнасці насельніцтва. Францішак Багушэвіч не толькі ўслаўляў традыцыйныя каштоўнасці, ён па-сапраўднаму ацэньваў нацыянальную годнасць, патрыятызм. Яму талежыць выраз «Калок свой мілейшы, як чужыя клямкі», блізкі да народнай прыказкі і падобны скарынаўскаму: «...тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».
А радкі пра родную мову, якія сталі запаветам для многіх пакаленняў беларусаў: «я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і пераканаўся, што мова нашая ёсць такая людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая»...
Менавіта пасля Багушэвіча сталі з’яўляцца творы на роднай мове, дзякуючы ў тым ліку яго запавету «не пакідайце мовы нашай беларускай» з’явіліся ў нашай літаратуры Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч.
Гэта варта адзначыць у Год гістарычнай памяці, у год, калі мы адзначаем 140-годдзе нашых класікаў Купалы і Коласа.
Імя пачынальніка новай беларускай літаратуры згадваецца ў публіцыстычных артыкулах Якуба Коласа, дзе паэт піша аб Багушэвічу як аб адным з лепшых прадстаўнікоў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якімі мог бы ганарыцца кожны народ.
Ярка праявіўся талент Багушэвіча і як публіцыста. Ён аўтар шматлікіх публіцыстычных артыкулаў у часопісе «Край», з якім ён супрацоўнічаў з 1885 да 1891 года. Ён пісаў пра жыццё простага народа, пра праблемы земляробства, узаемаадносіны бацькоў і дзяцей, экалогію.
У 1898 годзе Францішак Багушэвіч цяжка захварэў і перабраўся жыць у Кушляны. Калі яго не стала ў красавіку 1900 года, ён быў пахаваны на вясковых могілках у суседніх Жупранах.
Творы Багушэвіча сталі духоўным набыткам усяго народа. У цэнтры Жупран і на яго магіле пастаўлены помнікі. Імя Францішка Багушэвіча прысвоена Ашмянскаму краязнаўчаму музею, Жупранскай срэдняй школе. Адрэстаўравана сядзіба ў Кушлянах, дзе створаны музей, цяпер філіял Дзяржаўнага музея гістрыі беларускай літаратуры.
І сёння, згадваючы імя выдатнага сына нашай зямлі, мы аддаём павагу ўласнай гісторыі, яе слаўным старонкам.