Падзяліцца:
«Роздум. Пад позіркам Скарыны». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.08.2023
«Роздум. Пад позіркам Скарыны». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Кожны раз, калі я прыязджаю ў родны Полацк, не магу не спыніцца каля велічнага манумента Францыска Скарыны на плошчы ў цэнтры горада. Сёння ён настолькі ўпісаўся ў гарадскі пейзаж, што стаў своеасаблівым сімвалам славы старэйшага беларускага места разам з Сафійскім саборам і Спаса-Ефрасіннеўскі манастыром.

А некалі сюды мяне, малога, бацька вадзіў на гарадскі рынак з гандлёвымі радамі і людскім гоманам на розных мовах, на якіх размаўляў тутэйшы і прыезджы люд.

І ні плошчы, ні помніка яшчэ не было. І ўявіць гэта было цяжка.

Наколькі ціхае правінцыйнае жыццё было ў маім родным Полацку ў гады майго дзяцінства, можна меркаваць хаця б па тым,што наша знаёмства з гісторыяй горада абмяжоўвалася экскурсіяй у краязнаўчы музей, дзе галоўным, бадай, экспанатам было чучала аграмаднага сама, злоўленага ў Дзвіне, і мундзіры напалеонаўскіх кірасіраў ды чыгунныя ядры пушак, невядома якім чынам занесеныя ў музейныя экспазіцыі.

А пра слаўнага палачаніна Францыска Скарыну сталі гаварыць ў горадзе, калі я ўжо заканчваў школу. Тады, у 1967 годзе быў закладзены памятны камень на месцы будучага помніка першадрукару і асветніку.

З таго часу палачане сталі чакаць, калі з'явіцца манумент. І вось у 1974 годзе адбылася ўрачыстае адкрыццё першага ў свеце помніка Скарыне ў яго родным горадзе. Скульптару Аляксею Глебаву за гэты помнік пасмяротна была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.

Я не мог тады ўявіць, што мой рэпартаж, аб адкрыцці помніка будзе надрукаваны не толькі ў мясцовай газеце, дзе я тады працаваў, а і ў рэспубліканскім друку, і на яго потым будуць спасылацца салідныя выданні.

Менавіта пасля таго ўрачыстага адкрыцця стала добрай традыцыяй у горадзе праводзіць у пачатку верасня творчыя сустрэчы ля помніка Скарыне, куды прыязджалі многія славутыя пісьменнікі са сталіцы.

Перад палачанамі пад добразычлівым позіркам першадрукара з п'едэстала прамаўлялі Пятрусь Броўка, Янка Скрыган, Уладзімір Караткевіч, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін, Еўдакія Лось, Алесь Савіцкі, Давід Сімановіч, іншыя славутыя госці.

Мне разам са сваімі сябрамі са старэйшага ў рэспубліцы аб'яднання «Наддзвінне» Іванам Стадольнікам, Германам Кірылавым, Міхасём Барэйшам давялося прымаць удзел у такіх сустрэчах, бачыць, з якой цікавасцю жыхары горада сустракалі славутых гасцей.

Натуральна, што першае свята рэспубліканскага Дня пісьменства адбылося менавіта ў Полацку, і пачалося яно на славутай плошчы Скарыны, ля помніка першадрукару і асветніку. Яно вярталася ў горад і ў 2010 годзе.

Цяпер свята крочыць па розных гарадах Беларусі, і сёлета яго будзе прымаць Гарадок на Віцебшчыне.

А ў Полацку скарынаўскія дні сталі праводзіць мясцовымі сіламі. Яны больш перамяціліся ў школы і навучальныя ўстановы, і ранейшыя ўрачыстыя выступленні перад помнікам страцілі сваю непаўторную атмасферу.

І гэта шкада.

Адрадзіць полацкае скарынаўскае свята паэзіі сёння думаюць у гарадскім выканаўчым камітэце і Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Пра гэта ішла гаворка пры сустрэчы пісьменніцкай дэлегацыі на чале са старшынёй Саюза Алесем Карлюкевічам з мясцовымі ўладамі.

Літаратурныя традыцыі горада, яго веліч і значэнне для нашай культуры вартыя, каб Полацк стаў месцам, дзе будуць гучаць вершы слынных беларускіх творцаў, гасцей з блізкага і далёкага замежжа.

І бронзавы Скарына будзе мець магчымасць натхняць палачан і гасцей на светлыя і прыгожыя думкі на ідэі міра і стварэння.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: