Роўна 21 год таму ў нашым радыёэфіры ўпершыню прагучалі пазыўныя «Радыё Культура». Падобных спецыялізаваных радыёканалаў не існавала ва ўсёй пастсавецкай прасторы, таму журналістам давялося быць першапраходцамі, асвойваць новыя ідэі, знаходзіць сваю стылістыку.
Трэба было знайсці баланс паміж асвятленнем розных галін культуры, выбраць правільны тон гаворкі са слухачом, каб без дыдактыкі і сухасці распавесці пра найлепшыя дасягненні ў айчынным і сусветным мастацтве, літаратуры, музыцы.
У час, калі падвяргаліся сумненню многія традыцыйныя здабыткі айчыннай культуры, калі эфір запаланілі танныя падробкі, а то і адкрытая пошласць і безгустоўнасць, на Беларускім радыё задумалі весці гаворку пра вечныя каштоўнасці на базе багацейшых духоўных традыцый беларускага народа, закладзеных вялікімі папярэднікамі. Менавіта пра іх духоўны подзвіг, пра пераемнасць лепшага, зробленага пакаленнямі папярэднікаў пачалася весціся гаворка з першых перадач канала.
Музыка, жывапіс, літаратура – якое месца яны займаюць у нашым жыцці, чаму вучаць, як выхоўваюць патрыятызм – гэта стала лейтматывам гаворак са слухачом.
Увага да роднай мовы, мастацкага слова, народнай песні стала асновай многіх перадач.
Карэспандэнты акунулі шырокую аўдыторыю ў атмасферу вернісажаў, тэатральных і канцэртных прэм'ер, прэзентацый навінак нашых выдавецтваў.
Удзельнікамі іаўтарамі перадач сталі выдатныя дзеячы айчыннай культуры, мастацвазнаўцы, пісьменнікі, мастакі, артысты.
На фоне глабалізацыі варта было звярнуць увагу на нацыянальную індэнтычнасць, на тое, што вылучае нас сярод іншых дзяржаў і народаў.
Папулярызацыя фальклору, пазнавальныя вандроўкі па Беларусі сталі аднымі з магістральных тэм на канале.
Радыё «Культура» аднавіла перадачы для дзяцей, прыцягнула да мікрафона і радыёпрыёмнікаў самых юных нашых грамадзян. На жаль, нідзе сёння, акрамя нашага канала, не пачуеш дзіцячую казку, віктарыну, вершыкі і загадкі.
Шэдэўры класічнай музыкі вяртаюць нас да культурных традыцый усяго чалавецтва.
За ўсю сваю багатую гісторыю мастацкае роднае слова было заўсёды візітоўкай нашага радыё.
Спецыялізаваны канал «Культура» з першых дзён свайго існавання вызначыў адным са сваіх прыярытэтаў літаратурна-мастацкае вяшчанне.
Літаратура – гэта неад'емная частка жыцця чалавека, адлюстраванне ўсіх зрухаў грамадскага жыцця. Таму ў сваёй дзейнасці мы імкнемся максімальна звязваць гэта з сённяшняй грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне і свеце, з праблемамі і пастулатамі, якія сцвярджаюць высокія гуманістычныя ідэалы, выхоўваюць любоў да сваёй Радзімы, да гісторыі свайго народа.
Як адзначаюць спецыялісты, за гэтыя два дзесяцігоддзі канал «Культура» ператварыўся ў самастойную культурную з'яву, стаў заўважным сродкам пашырэння нацыянальных духоўных сімвалаў сучаснай Беларусі.
Гэта асабліва важна падкрэсліць у год, які аб'яўлены Годам міра і стварэння.
Менавіта ствараючы, а не разбураючы, мы пакінем нашым нашчадкам самае лепшае і трывалае, чым ганарыцца народ, пакладзём важкі падмурак у шчаслівую будучыню нашага краю.