Падзяліцца:
«Роздум. Падмурак духоўнасці і маралі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 08.10.2020
«Роздум. Падмурак духоўнасці і маралі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Што такое духоўны код народа, чым вызначаецца наша эпоха, якое наша месца ў сусветнай спадчыне? На гэтыя пытанні адказвае беларуская культура, яе сённяшнія здабыткі, яе мінулае.

Памятаецца, як у цяпер ужо далёкія савецкія гады велічныя муры Мірскага замка ўражвалі сваёй магутнасцю, але ўсё было настолькі пабіта часам і не верылася, што калісьці гэты замак ажыве, набудзе першапачатковы выгляд. Сёння ў сценах адрэстаўраванага замка ледзь не штодня сотні захопленых экскурсантаў, у тым ліку замежнікаў.

А замак і паркавы палац у Нясвіжы? Гэта сапраўдная перліна нашай культуры, нашай спадчыны. І як тут не нагадаць, што менавіта дзяржава зрабіла тое, каб гэтыя аб'екты, знаёмыя цяпер усяму свету, сталі сапраўдным упрыгожаннем і гонарам краіны.

Багатыя культурныя дасягненні гавораць пра ўзровень развіцця грамадства. Гэта не толькі адраджэнне і захаванне ўнікальных гісторыка-культурных каштоўнасцяў, гэта і народны фальклор, і рамёствы майстроў, гэта розныя віды мастацтваў.

Сёння ў краіне функцыянуюць звыш 150 дзяржаўных музеяў, 3-х тысяч публічных бібліятэк, 2 тысячы ўстаноў клубнага тыпу.

А наша Нацыянальная бібліятэка? Яе можна лічыць калі не сусветнай, дык еўрапейскай каштоўнасцю. І па знешнім выглядзе, і па багацці кніжных скарбаў, і па навуковай дзейнасці.

Сёння шмат цікавага можна ўбачыць у старажытным Полацку, Наваградку, Пінску, Слоніме, у кожным нашым беларускім горадзе. Дарэчы, Пінск сёлета – культурная сталіца Беларусі (між іншым, калі хто ня ведае). Як вядома, кожны год гэты статус атрымлівае новы горад, упрыгожыўшы сваё аблічча і стаўшы месцам цікавых культурных мерапрыемстваў.

Пералік дасягненняў у галіне айчыннай культуры можна доўжыць бясконца. За гэтым – клопат дзяржавы, вялізныя сродкі, укладзеныя ў захаванне і развіццё духоўнага патэнцыялу народа, у яго будучыню!

І, канешне ж, гэта пачэсная справа, якую рухаюць неабыякавыя людзі – удзельнікі мастацкіх калектываў, бібліятэчныя работнікі, супрацоўнікі музеяў, народныя майстры, арганізатары і рэжысёры масавых святаў. Гэта ўсе, хто стварае высокі свет духоўнасці, хто нясе ў жыццё прыгажосць, святло мастацтва і творчасці, захоўвае і перадае нашы традыцыі.

Поспехі і дасягненні айчынных мастакоў, пісьменнікаў, кампазітараў, артыстаў – візітоўка нашай Беларусі, прыклад для новых пакаленняў творцаў.

Айчынная культура і ёсць наш трывалы падмурак духоўнасці і маралі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: