Падзяліцца:
“Роздум. Палюбіць сваё”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.03.2021
“Роздум. Палюбіць сваё”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Што такое сваё? Чым вывераецца тое пачуццё самасці і адчування неабходных табе рэчаў, людзей, краявідаў?..

Менавіта сваё, роднае, пачынаецца ад ранішніх пахаў кухні, дзе мама гатуе смачныя прысмакі, ад любімых цацак і кніжак, ад звыклых пейзажаў вуліцы і двара, ад дарогі да школы. Менавіта гэта нараджае першыя расткі патрыятызму, любові да сваёй радзімы.

Памятаю сваё полацкае дзяцінства, калі раптам у адной кніжцы прачытаў, што мой горад – слаўнае гістарычнае места, якому больш за тысячу гадоў. Яшчэ не было кніжак Караткевіча, іншых выдатных твораў і публікацый, якія з'явіліся пазней, а ў сэрцы вырастаў гонар за свой горад, які здаваўся раней малым і правінцыйным.

І праз два дзесяткі гадоў, калі я, малады журналіст, суправаджаў калегу з Балгарыі, і мы пабывалі ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, пабачылі фрэскі ў цэркаўцы Ефрасінні, пачуў ад яе:

– Вы яшчэ не ўяўляеце, якім сусветным багаццем валодаеце! Гэтым жывапісам, гэтай архітэктурай можа ганарыцца любая краіна!..

Прайшоў час, і мы сталі ўсведамляць гэтае багацце, гэтую нашую адметнасць і гонар.

Гэта было сваё, роднае, як мой ціхі Полацк са слаўным мінулым, але ў маім дзяцінстве, зусім не бліскучым выглядам. Але пасмеў бы хто-небудзь зганіць мне мае родныя шосты завулак, паўразбураную Крыжа-Уздвіжанскую царкву, драўляны Чырвоны мост…

І Мірскі замак, і Нясвіж, і гродзенская Каложа – гэта наш дом, гэта наш гонар і наша слава.

Так мы пакрысе прывыкаем да свайго, да пачуцця адметнасці і важкасці свайго месца сярод іншых.

І бяда, калі нехта адаб’е гэта пачуццё і заахвоціць быць падобным на нянаскіх, чужых па духу, хоць і прывабных нечым звычак і ісцін. Такая другаснасць і правінцыйнасць ніколі не выведзе ў роўнасць з запазычаным, ніколі не зробіць сваім у іншым, чужым свеце.

Пакалясіў па свеце я нямала. Хадзіў па вуліцах Франкфурта, Капенгагена, Пекіна, любаваўся на горы Паміра, залатыя пяскі балгарскіх пляжаў, заснежаныя сосны ля Ханты-Мансійска…

Але нідзе і ніколі не ўзнікала жадання супрацьпаставіць гэтыя прыгожыя мясціны шэпту хваляў возера Шчаты на Полаччыне, цішыні ля цэркаўкі Спаса ў Ефрасіннеўскім манастыры, жоўтай хуткай плыні ціхай рэчачкі Палаты…

Сваё даражэй за ўсё. Як парэпаныя ад працы рукі маці, пах тытуню бацькавага “Беламора”, першы ў жыцці веласіпед “Арлёнак”. Гэта не настальгія, гэта, як пісаў паэт Алесь Пісьмянкоў, сум па чысціні, гэта сваё, роднае.

Бо ў кожнага з нас ёсць месца, адкуль мы пайшлі ў свет, дзе ўпершыню пачулі родную мову і песню, дзе жыве памяць продкаў.

І тады прыходзіць адчуванне, што трэба проста жыць сумленна, ЛЮБІЦЬ І ГАНАРЫЦЦА СВАІМ, РОДНЫМ.

Навучыцца быць сабой на сваёй зямлі, роўнымі ў СЯМ'І РОЗНЫХ НАРОДАЎ І КУЛЬТУР.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: