Сустрэў днямі знаёмага.
– Толькі што з адпачынку, – падзяліўся ён, – ведаеш, звычайна з сям’ёй на мора імкнуліся. А сёлета рашылі па Беларусі павандраваць. Навагрудак, Слонім, Гродна, Ліда… Цуд! Музей Адама Міцкевіча, Замак, Каложа… Проста не ўяўлялі, якія гэта прыгожыя мясціны! А колькі цікавага пра нашу гісторыю даведаліся! Вось у выхадныя думаем на машыне ў твой родны Полацк пад’ехаць...
Што ж, чуць гэта было прыемна. Зрэшты, сёлета такіх аматараў унутранага турызму стала болей. І звязана гэта не толькі з пандэміяй, калі закрыліся многія замежныя маршруты. Проста, урэшце, многія пачалі разумець, што і ў родным краі ёсць цудоўныя мясціны, што наша зямля багатая і прыродай, і архітэктурнымі выдатнасцямі, і мясцінамі са слаўным гістарычным мінулым.
– І яшчэ, – працягнуў мой знаёмы, – звярнуў увагу, што, як правіла, на цэнтральных плошчах мірна ўжываліся і цэрквы, і касцёлы, і сінагогі.
– Так, і ў маім Полацку таксама так было, – пацвердзіў я. – Жылі разам розныя вернікі ў лагодзе і сяброўстве.
Так размова пра адпачынак перайшла на больш глыбокія развагі, на ўсведамленне важных ісцін, якія цэментуюць паняцце агульнай Радзімы.
І не абавязкова, каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць, як напісаў паэт. Можна і ў родным краі адчуць гэтую любоў да ўласнай зямлі, яе гісторыі, яе гаючых крыніц, цудоўных азёр і рэк, вячыстых бароў і шырокіх палёў.
Памятаю, як падчас такіх вандровак адкрываў для сябе гэты цудоўны свет Айчыны, які натхняў на творчасць, на жаданне распавесці людзям пра гэтыя шчаслівыя і радасныя адкрыцці.
І калі на такія вандроўкі многія з нас адважваліся толькі тады, калі хацелі паказаць гасцям нашу Беларусь, то цяпер нашы суайчыннікі сталі больш самі спазнаваць радасць ад знаёмства з родным краем, знаходзіць асалоду адпачынку на сваёй зямлі.
Так стаў пашырацца ўнутраны турызм. Зрэшты, для дзяржавы ён мае не толькі гуманітарнае значэнне. У многіх краінах ён прыносіць эканамічны даход. Экспарт унутраных турыстычных паслуг дасягае да трыццаці працэнтаў.
Таму развіццё гэтага віду адпачынку патрабуе належнага клопату. Гэта ў першую чаргу – удасканальванне спадарожнага сервісу: грамадскага харчавання, гатэльных і прыдарожных паслуг.
Сёння людзі цікавяцца і аграсядзібамі, і месцамі для рыбалкі, палявання. І гэтыя паслугі патрабуюць не толькі пашырэння, але і адпаведнага ўзроўню.
Таму тут ёсць над чым папрацаваць адказным за турыстычную дзейнасць у нашай краіне, іншым зацікаўленым асобам і арганізацыям.
Палюбіць сваё, ганарыцца дасягненнямі продкаў, спазнаць свой край – гэта і ёсць адчуванне адзінства са сваім народам, сваёй дзяржавай.