Падзяліцца:
«Роздум. Пра бабуль і ўнукаў». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.01.2020
«Роздум. Пра бабуль і ўнукаў». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Сёння інтэрнэт стаў для многіх дарадцам і суразмоўцам, яму давяраюць душэўныя таямніцы, і тое, часам, што раней не прынята было выносіць на людзі. Прытым, што гэта чытаюць і рэагуюць на напісаныя не сотні і, часам, нават не тысячы людзей.

І асабістае жыццё некаторых, такім чынам, становіцца прадметам абмеркавання, так бы мовіць, шырокай грамадскасці. Некага гэта бянтэжыць, некаму не падабаецца, а некага цалкам задавальняе.

Вось, да прыкладу, піша пяцідзесяціпяцігадовая жанчына, што не хоча даглядаць унукаў, хоча пажыць для сябе і, цытую, «піць каву па вечарах з сяброўкамі». Здавалася б, яе праблема, але ў канцы допісу зварот: «дайце параду, што рабіць?»

Думкі добраахвотных дарадцаў раздзяліліся: адны горача падтрымліваюць жаданне “адбіццца” ад унукаў, заклікаюць любіць сябе, пажыць для сябе, іншыя, такіх, дарэчы, меньш, нагадваюць пра шчасце мацярынства, пра радасць быць бабуляй, пра цеплыню дзіцячай любові маленькіх унучат.

А я падумаў: а што адчуваюць дзеці жанчыны, а па яе расповядзе іх трое, што праз пэўны час скажуць падрослыя ўнукі, узгадваючы, як не хацела з імі бавіць час бабуля?

Ніякім чынам не хачу ўпадаць у маралізатарства, нагадаю толькі сваю родную бабулю Олю, пра якую напісаў сваё адно з першых апавяданняў.

“З бабуляй Вольгай у нас было сяброўства. Я любіў слухаць яе расповеды пра тое, як яна на невядомай мне рацэ Ула трымала паром, як у вайну, уцякаючы ад немцаў, праседзела ў нейкай яме аж чатырнаццаць сутак без вады і хлеба. Але асаблівым гонарам былі яе дзеці – мае дзядзькі і цёткі. Іх у яе было пяцёра. Два сыны загінулі на вайне, інжынер і артыст Віцебскага тэатра, заставаліся мая маці, яе брат, што жыў у Ленінградзе і служыў ваенным пракурорам, ды цётка Вера, якая пераехала ад нас у Гродна.

Бабуля гаварыла па-простаму. Яе беларускія выслоўі памятаю і сёння. А яшчэ яна любіла салёны жарт і вострае слоўца, што прыводзіла мяне ў чырвань.

Яе не стала, калі мне было дзесяць гадоў і я вучыся ў чацвёртым класе. Калі вярнуліся з могілак дахаты, за жалобны стол, я раптам убачыў у кутку стаптаныя бабціны тэпці. І тады, нарэшце, я заплакаў. Я выскачыў з хаты, чуючы за спіной нечае: “Бачыш, унучак перажывае, што бабулі не стала”.

Я прыціснуўся да таполі за хатай. Мяне калаціла. Было страшна, адзінока. Я раптам зразумеў: бабулі ўжо няма, і я больш ніколі не пабачу яе.

Потым я ўсё радзей і радзей узгадваў бабу Олю. Але, калі нарадзілася дачка, і маці сказала, што трэба было б яе назваць у гонар бабулі, я адразу згадзіўся.”

Гэта ўрывак з таго апавядання. У ім цалкам праўда. Не ведаю, наколькі вагалася мая бабуля, ці гадаваць мяне, малога, бо бацька і маці былі занятыя на рабоце, ды гэта быў зусім іншы час, і не магло маёй бабулі Вользе прыйсці ў галаву, ды і магчымасці такой не было, каб заняцца фітнесам, ёгай, піць па вечарах каву з сяброўкамі.

Але калі гляджу цяпер на ўласнага ўнука, думаю, што, дай Бог, каб у яго засталіся ўспаміны пра ўласнае дзяцінства, дзе светлай згадкай былі б стасункі з бабуляй і дзедам.

А што да мяне, то хвіліны, праведзеныя з маім Мацвеем, для мяне засёды шчасце і радасць.

А любіць сябе, безумоўна, трэба. І весці здаровы лад жыцця, і з сябрамі піць каву па вечарах.

І ўрэшце, кожны выбар павінен рабіць сам.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: