З дзяцінства я марыў мець уласную бібліятэку. Часта, пазіраючы на невялікую этажэрку з кнігамі, падоранымі мамай і сябрамі на дні нараджэння, я ўяўляў стэлажы з тамамі любімых класікаў, з дзіцячымі і дарослымі кніжкамі, да якіх хочацца звяртацца штодня.
З першай зарплаты на полацкім заводзе шкловалакна я накіраваўся ў кнігарню. Так фарміраваўся мой уласны кнігазбор, якім я ганарыўся, якім пасля актыўна карысталіся дзеці, і заўсёды любіў, бываючы ў гасцях у сяброў і знаёмых, пацікавіцца іх бібліятэкамі, часам абмяняцца нейкімі кнігамі.
І цяжка было тады ўявіць, што для многіх праз гады паўстане пытанне «што ж рабіць з уласнай бібліятэкай?», бо гэта стане не модным і не практычным заняткам.
Уласная бібліятэка… Прадмет гонару і любімае месца шмат каго з вялікіх людзей.
Да прыкладу, бібліятэчны збор Льва Мікалаевіча Талстога ў Яснай Паляне налічваў 22 тысячы тамоў на рускай і замежных мовах, сабраных некалькімі пакаленнямі Валконскіх-Талстых. Унікальнымі сталі тыя кнігі ў бібліятэцы вялікага пісьменніка, якія захоўваюць сляды яго чытання.
Амерыканскі філосаф Ханна Аренд мела бібліятэку, якая налічвала чатыры тысячы тамоў, з якіх як мінімум 900 былі з паметкамі і анатацыямі ўладальніцы.
Славуты спявак Майкл Джэксан любіў кнігі таксама. Пасля яго смерці ў маёнтку Неверлэнд засталася бібліятэка, якая налічвала 10 тысяч тамоў. Поп-зорка чытаў раманы Блэка і Дыкенса, часта, па ўспамінах біёграфа Джозефа Вогеля, цытаваў цэлыя абзацы з біяграфій Мікеланджэла і Альберта Энштэйна.
Пра ўласную бібліятэку нашага пісьменніка Янкі Сіпакова і яе лёс хочацца пагаварыць больш падрабязна.
На жаль, сёння цяжкія паліцы з тамамі кніг у кватэрах становяцца для некаторых істотнай праблемай. Тым больш, што сённяшнія рэалія дазваляюць мець спампаваныя на электронных носьбітах бібліятэкі, якія не займаюць шмат месца, зручныя ў карыстанні. І нярэдка ўнікальныя каштоўныя кнігі можна адшукаць нават на сметніку.
Дык што рабіць з уласнымі бібліятэкамі? Універсальнага рэцэпта я, безумоўна, не маю. Але нездарма я ўзгадаў пра асабісты кнігазбор Янкі Сіпакова. Не так даўно мне давялося пазнаёміцца з ім у …Аршанскай гарадской бібліятэцы, у чытальнай зале!
Вялікі кнігалюб вырашыў падараваць сваю асабістую бібліятэку Аршанскай гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна, з якой ён заўжды сябраваў. Іван Данілавіч паставіў толькі дзве, але абавязковыя ўмовы: супрацоўнікі Пушкінкі абавязаны захаваць цэласнасць бібліятэкі, не раз’ядноўваць па фондах, і кнігі павінны знаходзіцца ў Оршы.
Бібліятэка пісьменніка тэматычная і жанрава разнастайная. У ёй ёсць грунтоўныя зборы сусветнай паэзіі і прозы, літаратура па гісторыі, філасофіі, эстэтыцы, мастацтву і іншым дысцыплінам, а таксама энцыклапедыі, даведнікі, слоўнікі. Іван Данілавіч збіраў кнігі цэлымі серыямі. На сённяшні дзень фонд бібліятэкі налічвае каля 6 тысяч экзэмпляраў кніг.
Трэба адзначыць, што практычна ўся беларуская літаратура (больш за 550 экз.) у бібліятэцы з аўтографамі пісьменнікаў, вядомых людзей, з якімі сустракаўся Іван Данілавіч Сіпакоў на жыццёвым шляху і сябраваў.
Але такія падарункі родным мясцінам могуць, канечне, зрабіць не ўсе. Многія хочуць пакінуць каштоўныя кнігі дзецям і ўнукам, нехта гатовы панесці розныя экземпляры да букіністаў.
Ёсць яшчэ адна акалічнасць. У свой час, калі збіральніцтва кніг было модным заняткам, некаторыя куплялі ўсё, асабліва, што лічылася дэфіцытам, нават, часам, не адкрываючы старонак.
Тым не менш, выкідваць кнігі на сметнік – мякка кажучы, не самы правільны шлях, гэта як выгнаць на вуліцу родных і блізкіх людзей.
Кожны, напэўна, павінен сам для сябе рашыць, як ставіцца сёння да папяровых кніг і ўласных кнігазбораў. Думаю і веру, што кнігі і надалей застануцца каштоўным скарбам чалавецтва, што для многіх людзей яны застануцца светачам навукі і культуры, верным спадарожнікам па жыцці, а асабістыя бібліятэкі – неабходным і патрэбным месцам для кожнай сям'і.