Падзяліцца:
«Роздум. Пра што нагадала даўняе фота». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 07.08.2023
«Роздум. Пра што нагадала даўняе фота». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Нядаўна ўбачыў у інтэрнэце фотаздымак, на якім пазнаў абрысы Полацка і Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Невядомы фатограф адлюстраваў на плёнцы манастыр у часы нямецкай акупацыі горада.

Знаёмыя абрысы цэркаўкі Спаса, якую бачыў з дзяцінства і куды прыходзіў не раз разам з дзецьмі і роднымі, напаўразбураная Крыжаўдзвіжанская царква і раптам – ахоўная вышка з нямецкім аўтаматчыкам.

Як яна з'явілася на тэрыторыі манастыра? Магчыма таму, што побач, у Спаскім гарадку, размяшчаўся лагер для ваеннапалонных. Гэта пацвярджаюць і гістарычныя матэрыялы, сабраныя мясцовымі даследчыкамі.

Нямецкія войскі, якія ўвайшлі ў горад пасля досыць працяглага гераічнага супраціўлення савецкіх воінаў, якія ўступалі па колькасці і ваеннай сіле агрэсару, устанавілі жорсткі акупацыйны рэжым і ўжо ў жніўні 1941 года стварылі на тэрыторыі Полацка два лагеры для савецкіх ваеннапалонных: ДУЛАГ-155 – на тэрыторыі Зялёнага гарадка (цяпер Баравуха-3) і ДУЛАГ-125 – на тэрыторыі былога ваеннага гарадка, які зваўся «Чырвоны гарадок імя М.В.Фрунзе».

У памяшканнях былога ваеннага гарадка, разлічаных не больш чым на 4,5 тысяч чалавек, утрымлівалі ад 15 да 20 тысяч ваеннапалонных.

Ад нечалавечых ўмоў, здзекаў, голаду, інфекцыйных захворванняў на тэрыторыі лагера штодня памірала ад 80 да 200 чалавек. Усе яны знаходзілі свой апошні прытулак у месцы пад назвай урочышча Пяскі. Туды ж прывозілі для расстрэлу падпольшчыкаў і партызан.

На другiм канцы ўрочышча Пяскі размяшчаўся лагер для мірнага насельніцтва. Ён займаў тэрыторыю паміж возерам Валова і станцыяй Грамы і праіснаваў з 1942 года да красавіка 1944 года.

Доўгі час на гэтам месцы быў сціплы абеліск, але ў 2010 годзе актывісты з Полацкага раённага аддзялення Беларускага фонду міру звярнуліся да мясцовых уладаў з ініцыятывай аб будаўніцтве Мемарыяльнага комплексу памяці ахвяраў фашызму «Урочышча Пяскі». Ініцыятыва была падтрымана, і пачаўся збор сродкаў на будаўніцтва мемарыялу.

У Дзень памяці і смутку 22 чэрвеня 2020 года мемарыяльны комплекс быў урачыста адкрыты.

Шмат гора і жаху ўбачыла вірлівая рэчачка Палата ў гэтых мясцінах. Літаральна непадалёк, у вёсцы Лазоўка, разгарнулася яшчэ адна страшная трагедыя. Ахвярамі яе сталі вязні Полацкага гета.

У верасні 1941 года гета з яўрэйскім насельніцтвам сюды пераехала з цэнтра горада. Тут ужо знаходзілася каля васьмі тысяч яўрэяў з блізкіх вёсак. Размясцілі ўсіх у дзесяці бараках, што былі пры мясцовай цагельні. Ахоўвалі толькі паліцаі, а немцы прыязджалі, каб рабаваць, шукаць золата, дарагія рэчы. У бараках жыло па сорак-пяцьдзесят чалавек. Часта па ранках два-тры чалавекі ўжо не ўставалі – паміралі ад голада і хвароб.

Растрэлы праводзіліся тут жа, каля чыгуначнага пераезда, у лесе. Дзяцей кідалі ў ямы жывых і закопвалі разам з мёртвымі дарослымі.

У час майго дзяцінства пра тыя страшныя падзеі часоў нямецкай акупацыі згадвалі не часта. І я, малы, не ўяўляў, што жоўты пясок на палатоўскім беразе побач з манастыром захоўвае парэшткі тысяч растраляных людзей.

Мінулі гады, дзесяцігоддзі, і час выкрышталізаваў памяць пра падзеі, якія напаткалі гаротныя лёсы ахвяр той страшэннай вайны.

І жывых сведкаў таго жудаснага часу амаль зусім не засталося.

Аднавіліся полацкія храмы, паўстаў мемарыял. А для сучаснікаў горкай перасцярогай засталіся архіўныя дакументы і кнігі, і нават той аматарскі здымак, які вярнуў на момант падзеі жніўня 1941 года ў маім родным Полацку.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: