Чым жыве сёння айчынная літаратура, што прапануюць сучаснаму чытачу паэты і празаікі, крытыкі і драматургі, што атрымала заслужаны поспех у чытача? Штогод перад Днём беларускага пісьменства на гэтыя пытанні спрабуе адказаць Нацыянальная літаратурная прэмія, арганізатарамі якой з’яўляюцца міністэрствы інфармацыі, культуры і адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Сёлета за высокае званне лаўрэата ў сямі намінацыях змагаліся звыш шасцідзесяці творцаў, кнігі якіх выйшлі ў мінулым годзе. І членам журы выпала нялёгкая работа прачытаць напісанае і вызначыць уласныя прыярытэты. Скажу адразу, што хоць ацэнкі ў маіх калег былі розныя, але ўсё ж агульным абмеркаваннем і таемным галасаваннем вызначаны тыя прозвішчы, якія прагучаць з галоўнай сцэны чарговага свята ў Бялынічах.
Прыемна, што з творчасцю большасці з іх я даўно знаёмы і ведаю пра іх уклад у айчыннае прыгожае пісьменства, ды і нашы слухачы не раз знаёміліся з іх творамі ў праграмах нашага радыё.
Трэба зазначыць, што творы ўсіх намінантаў прайшлі экспертны адбор. І як правіла, дапушчаныя да абмеркавання аўтары даўно і плённа працуюць у літаратуры за выключэннем прэтэндэнтаў на ўзнагароджанне ў намінацыі “Дэбют”. І хоць не ўсе прэтэндэнты былі аднолькава папулярныя і пазнаваемыя, адным з галоўных крытэрыяў пры вылучэнні стала тое, як прадаюцца іх кнігі ў кнігарнях краіны.
Мы часам выказваемся пра тое, што апошнім часам знізілася ўвага да друкаванай кнігі, што асоба пісьменніка не настолькі папулярная і знакавая, як некалі.
Ды мне ўсё хочацца падкрэсліць, што наша мастацкае слова заўсёды несла мір і згоду, выхоўвала талерантнасць, высокае пачуццё прыналежнасці да сваёй зямлі, дабрыні, чуласці, любові да роднага краю. І канешне, самае галоўнае, што выхоўвае беларуская літаратура – берагчы сваю зямлю, свой край, берагчы мір і згоду.
І тое, што на высокім дзяржаўным узроўні штогод мы абмяркоўваем плён літаратурнага года, што на традыцыйным свяце пісьменства лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі адны з галоўных герояў, усяляе надзею на новыя цікавыя здабыткі айчынных літаратараў.