Верасень у полацкіх парках і скверах расквечаны першым золатам восені, пацямнелай вадой велічнай Дзвіны, і бронзавы Скарына глядзіць з п'едэстала на маладых юнакоў і дзяўчат, сталых жыхароў горада, які прыйдуць сёння на ўрачыстае адкрыццё традыцыйных Скарынаўскіх дзён, якія штогод праходзяць у вераснёўскія дні. А сёлета яны адбываюцца напярэдадні свята народнага адзінства, што надае мерапрыемствам новыя фарбы і сэнсы.
Як і далёкім 1994 годзе, калі тут, на плошчы Скарыны, стартаваў першы ў краіне Дзень беларускага пісьменства, сярод гасцей чакаюцца знакамітыя пісьменнікі, мастакі, артысты, кіраўнікі творчых саюзаў, бо з сёлетняга года да арганізацыі і правядзення свята далучыліся рэспубліканская грамадская арганізацыя «Белая Русь» і асацыяцыя грамадскіх арганізацый «Канфедэрацыя творчых саюзаў». Гэтая ініцыятыва ўяўляе з сябе цыкл мерапрыемстваў, звязаных з прапагандай мастацкага слова, адукацыі і асветы.
Выдавецкі дом «Звязда» прадставіць навінкі айчыннай літаратуры, адкрые аўтограф-сесію вядомых пісьменнікаў, якія прыедуць на свята са сталіцы. Яны разам з мясцовымі літаратарамі прымуць удзел у дыялогавай пляцоўцы «Наша сучаснасць: пісьменнік у сучасным свеце».
Цікавыя выставы і прэзентацыі пройдуць у музеі беларускага кнігадрукавання, у галерэі Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка.
Два дні ў горадзе будуць гучаць вершы і песні, слова, якое пусціў у свет пяцьсот год таму славуты мысляр і першадрукар. Гэта ён уславіў для многіх народаў свой родны Полацк і прамовіў славутыя словы пра любоў да родных мясцін.
І тое, што Дзень народнага адзінства яшчэ падкрэслівае важнасць падзей, якія спрыялі яднанню беларускага народа, патрэбу жыць адной сям'ёй, шанаваць сваю мову, культуру, традыцыі створыць атмасферу высокай святочнасці.
І гэта вельмі важна, калі значнае дзяржаўнае свята асвятляе свята творчае, свята слова і культуры.
І яшчэ адна важная падзея, якая адбудзецца ў гэтыя дні. Гэта падвядзенне вынікаў штодзённага літаратурнага конкурсу імя славутага палачаніна, пісьменніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Алеся Савіцкага. Мы не раз з шаноўным ветэранам прыязджалі ў горад. Ён любіў сустракацца з землякамі, часта выступаў у школах горада і раёна, у вытворчых калектывах.У адзін з такіх прыездаў было агучана рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб заснаванні прэміі яго імя. Памятаю, як радаваўся Алесь Ануфрыевіч гэтаму рашэнню, гэтаму прызнанню яго творчага і жыццёвага шляху. На жаль, да першага ўручэння гэтай імянной каштоўнай узнагароды дзевяностагадовы ветэран не дажыў, як і не даведаўся, што адной з бібліятэк горада прысвоена яго імя.
А прэмія з гэтага года атрымала рэспубліканскі статут, бо да яе арганізатараў далучыўся Саюз пісьменнікаў. А сярод удзельнікаў творчага спаборніцтва сёлета было нямала вядомых і папулярных у краіне творцаў.
Нашаму народу ёсць чым ганарыцца, у тым ліку славутымі палачанамі – прэпадобнай Ефрасінняй Полацкай, Францыскам Скарынам, Сімеонам Полацкім.
І горадам, чыя слава цягнецца з далёкіх стагоддзяў, калыскай беларускай дзяржаўнасці.
Новае дыханне атрымала і полацкае зямляцтва, якое аб'ядноўвае выхадцаў са старажытнага горада, якія, вылецеўшы, як птушкі ў свет, засталіся верныя полацкаму брацтву, па прыкладу таго ж Францыска Скарыны, ганарацца сваёй слаўнай радзімай, дзе прайшлі іх дзіцячыя і юнацкія гады.
І кожны з іх гатовы аказаць дапамогу землякам у самых розных стваральных справах, быць разам ва ўсіх добрых пачынаннях.
Я мару пра чарговае спатканне з родным горадам з чаканнем незвычайнай энергіі, якую заўсёды чэрпаю ў дыханні старадаўніх муроў і хваляў Дзвіны, незабыўных хвілін у цішыні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, старадаўняй цэркаўкі над вірлівай Палатой.
І хочацца верыць, што думкі і словы Скарыны, што водгукі падобных святаў западуць у сэрцы юных жыхароў горада, што справа асветы і культуры стане для іх пуцяводнай зоркай у іх маладым жыцці.