У гэты дзень мой бацька-франтавік з раніцы апранаўся па-святочнаму. Тэлефанаваў свайму брату Раману, таксама франтавіку, і яны дамаўляліся, дзе сустрэцца, узяць чарку за Перамогу, памянуць траіх сваіх братоў, якія не вярнуліся з вайны.
Пяць франтавікоў з адной простай рабочай полацкай сям’і!.. А калі дадаць яшчэ трох маміных братоў, двое з якіх таксама паляглі недзе ў брацкіх магілах, то можна сабе ўявіць, які молах страшэннай вайны прайшоў па лёсу маіх родных.
Таму дзень Дзевятага мая з дзяцінства памятаю, як наша сямейнае свята. І як бы і дзе не даводілася потым адзначаць гэты дзень, пакуль быў жывы бацька, усе збіраліся дома за святочным сталом.
Апошні раз мы з ім узнялі тост за Перамогу, калі яму было ўжо восемдзесят шэсць гадоў. Гэта было ў 1997 годзе. Я і мой сын-студэнт прыйшлі павіншаваць яго да маёй сястры, якая даглядала ўжо нямоглага старога. Але ў гэты дзень ён у святочным касцюме са сціплай ордэнскай планкай на піджаку, нават нібыта памаладеў.
Зараз для мяне 9 Мая – гэта ў першую чаргу дзень успамінаў пра яго, пра сваіх родных, пра блізкага старэйшага таварыша – пісьменніка-земляка Алеся Ануфрыевіча Савіцкага.
Першы раз я пазнаёміўся са славутым творцам у родным Полацку менавіта на 9 Мая ў час урачыстасцяў ля Кургана Бессмяротнасці. Я тады быў маладым супрацоўнікам раённай газеты, а Савіцкі – ганаровы грамадзянін горада, былы партызанскі падрыўнік і воін, узнагароджаны ордэнам Славы і медалямі.
Не раз потым мне давялося гутарыць і пісаць пра яго яркую баявую біяграфію, а неўзабаве пасля майго пераезду ў Мінск і проста пасябраваць.
Алесь Савіцкі... Былы партызан-падрыўнік, баец Савецкай Арміі, чалавек, які дайшоў да Берліна і распісаўся на рэйхстагу. Тройчы паранены, ён неаднойчы глядзеў у вочы смерці. І ці думаў ён у тыя імгненні, што дажыве да Перамогі і стане вядомым пісьменнікам?
У біяграфіі гэтага чалавіка ўмясцілася столькі, што хапіла б і на некалькі лёсаў. Падлеткам уступіў у рады народных мсціўцаў, падрываў варожыя эшалоны, быў ранены ўжо салдатам пад Шаўляем, быў сярод тых, хто распісаўся ў 45-м на сценах Рэйхстага… Праз 55 гадоў яго знайшоў баявы салдацкі ордэн Славы. І ў пасляваенным жыцці Савіцкі трымаў нябачны бой. Вучыўся ў Літінстытуце і адначасова заканчваў вячэрнюю школу, пісаў па начах раманы і аповесці, ездзіў у экспедыцыі, творчыя камандзіроўкі. Быў на высокіх пасадах, адкуль пайшоў на пісьменніцкі хлеб… Сярод герояў яго твораў – юныя падпольшчыкі з Обалі, полацкія шклозаводцы, партызаны і простыя звычайныя мірныя людзі. Апошняя кніжка-споведзь “Пісьмо ў рай” прысвечана самаму дарагому для яго чалавеку – бацьку, і нельга без хвалявання чытаць радкі, прасякнутыя сынавай вернасцю і пашанай. Такая ж сынава вернасць была ў Савіцкага да роднага горада. Яго апошнім жаданнем было развеяць яго прах над водамі Дзвіны.
Можна толькі ўявіць, як звычайны мірны Дзень Перамогі адгукаўся ў яго памяці пахам пораху у павержаным Берліне, грухатам аўтаматных чэргаў – першага салюту пераможцаў.
“Гэта радасць са слязамі на вачах”, – падцягвалі словы вядомай песні ветэраны, такія, як мой бацька і мой старэйшы сябар. Многіх з іх ужо няма, а гэтыя словы з песні працягваем мы, каб іх радасць і слёзы дзяліць разам з іх нашчадкамі.