Новае ХХІ стагоддзе так імкліва ўварвалася ў наша жыццё, так змяніла многае ва ўсім: у прыродзе, у тэхналогіях, у нашым уяўленні, сур'ёзна замахнулася на традыцыйныя каштоўнасці, якія існавалі тысячагоддзі. Мы нават не паспелі, што гаворыцца, азірнуцца, як у наступ пайшлі іншыя тэндэнцыі, іншыя маральныя высновы. І раптам аказалася, што яны толькі прарасталі ў некаторых ранейшымі гадамі.
І вось пяцідзесяцігадовая жанчына піша ў інтэрнэце, што яна шчаслівая тым, што яны з мужам адмовіліся мець дзяцей. Маўляў, трэба жыць для сябе, для свайго задавальнення. Па яе сцвярджэнні, на такое рашэнне яе натхніў прыклад уласнай матулі, якая сваё жыццё прысвяціла дочкам – ёй і яе сястры.
Праўда, жанчына, усё ж такі ёй за пяцьдзесят, прызнаецца, што ўнутры яе ідзе барацьба дзвюх палавінак сэрца. Адна падказвае, што ўсё зрабіла правільна, а другая пастаянна паўтарае, што яна эгаістка. Тым не менш, першая палова перамагла.
Я падумаў тады, а што, калі б мая мама ў свой час прыняла такое рашэнне, не нарадзіўся б я ў сваім дарагім сэрцу Полацку, не было б на свеце і маёй сястрычкі. Ды і колькі ненароджаных дзяцей можна было б палічыць, калі б жанчыны дзеля свайго задавальнення адмовіліся б мець дзяцей!.. І ці было б каму такімі падлікамі займацца.
І вершаў маіх пра маму не было б, як не было б цудоўных твораў пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, прысвечаных маці.
Мне шкада аўтарку таго допісу, бо праз пэўны час, увосень свайго жыцця, яна не адчуе ласкі і спагады ўласнага дзіцяці, не патрымае на каленях унука ці ўнучку.
Так, для некаторых новае стагоддзе пазбаўляе ад так званых «хімераў» спрадвечнай маралі. І вось ужо другая інтэрнэт-карыстальніца задаецца пытаннем: ці варта ўступаць у купэ цягніка ніжняе месца інваліду ці нямоглай бабульцы. «Я ж білет з гэтым месцам у касе брала, не мая віна, што для іх ніжняга месца не дасталася».
І глядзіць спакойна, як караскаецца бабулька на верхнюю паліцу, з якой рызыкуе зваліцца пры любым штуршку. Спакойна і з пачуццём уласнай годнасці: маўляў, не мая справа памагаць ці спачуваць. Я заплаціла».
Не лічыцца модным сёння і ўступаць месца жанчынам і старым у грамадскім транспарце, прапускаць наперад, адчыняючы дзверы. Некаторыя феміністкі нават гэта за абразу могуць палічыць.
Думаю, што сёння не ўсе падтрымаюць гэты мой роздум, бо тое, пра што я гавару, на іх погляд – архаіка, перажыткі. «Новы век, новыя звычкі»… І шырыцца сярод пэўнага кола так званых моднікаў манера апранацца мужчынам у жаночыя строі – спадніцы, сукенкі, калготы... «...А чаго? Жанчыны ж штаны носяць…»
І красуецца гэтая дзіўная істота на розных тусоўках, экшанах, і ганарыцца сваім модным прыкідам.
«І справа тут не ў арыентацыі», – сцвярджае глянцавы часопіс, але, далі Бог, мне цяжка ўявіць у істоце з намалёванымі вуснамі, укладкай на галаве і ў жаночай міні-сукенцы героя і куміра з маіх уяўленняў пра вобраз сапраўднага мужчыны.
Разбурыць традыцыі, пахаваць спрадвечныя ўяўленні пра каханне і вернасць, дабрыню і спагаду, цяпло сямейных адносін – хіба гэта тое, што павінна прынесці нам новае стагоддзе?
Я ўжо не кажу пра іншыя, не менш сур'ёзныя выклікі, якія прыносіць час.
І гэта прымушае не толькі задумацца, а імкнуцца знайсці шляхі, каб вяртацца да спрадвечных ісцін і пастулатаў, каб, прыстасаваўшы іх да сучасных рэалій, заставацца ў рэчышчы сапраўднай людскасці.