Падзяліцца:
«Роздум. Роля кнігі і сямейнага чытання». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.07.2021
«Роздум. Роля кнігі і сямейнага чытання». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Такія кнігі немагчыма чытаць на сон або на адпачынку. І мастацкай літаратурай іх не назавеш.

«Ніколі не забудзем» – гэта споведзь дзяцей вайны, Тых, на вачах якіх нямецка-фашысцкія захопнікі палілі вёскі, забівалі дзяцей і старых, і ўсе гэтыя зверствы адбываліся на нашай зямлі, на зямлі, дзе жылі мірныя людзі і куды прыйшла страшэнная навала.

Перавыданне гэтай кнігі, якая ўпершыню выйшла ў свет у 1944 годзе, адразу пасля вызвалення Беларусі, ажыццявіла выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Пра яе ішла размова на круглым стале ў Доме прэсы, прысвечаным сямейнаму чытанню. Нельга было без хвалявання слухаць, як удзельнікі гаворкі зачытвалі ўрыўкі ўспамінаў дзяцей, якія сталі жывымі сведкамі трагедый, якія адбываліся з іх роднымі і блізкімі, іх самімі.

«На нас, на нашым пакаленні людзей сталых ляжыць адказнасць за ўмацаванне пераемнасці пакаленняў. Важна, каб нашы дзеці разумелі, якой цаной дасталася перамога, гэтая свабода» – адна з асноўных думак, якія прагучалі падчас абмеркавання.

Дзякуючы ініцыятыве Беларускага саюза жанчын тэма сямейнага чытання стала як ніколі актуальнай для нашага грамадства, бо ад таго,як і што чытаюць нашы дзеці,залежыць многае,залежыць увогуле будучыня нашага грамадства.

Успамінаючы свае дзіцячыя гады, магу сказаць, што для мяне падзеі нашага гістарычнага мінулага станавіліся вядомымі праз кнігі. Нездарма адной з першых прачытаных самастойна кніг была аповесць Вольгі Асеевай пра Васька Трубачова, пра тое, як дзеці ва ўмовах фашысцкай акупацыі змагаліся з ворагамі.

Для мяне дзеянні той вайны не былі далёкай гісторыяй, таму што бацька вярнуўся з фронту паранены, тры яго браты загінулі ў баях. Ды і маміна сям'я пазбавілася дваіх салдат, а сама яна перанесла ленінградскую блакаду. Хаця бацькі не часта ўспаміналі тыя суровыя гады, але іх памяць жыла і ва мне.

Сёння, калі тыя падзеі для сучасных дзяцей – далёкая гісторыя, важна, каб яны дакрануліся да памяці папярэдніх пакаленняў праз праўдзівыя кнігі, праз вось такія ўспаміны сведкаў тых падзей, якія былі тады ў іх узросце.

І яшчэ пра адну кнігу пра тыя падзеі хачу ўзгадаць. Гэта аповесць «Карабін», якая выйшла ў гэтым годзе. Гэта неапублікаваны да гэтага твор майго земляка, былога партызана і воіна Алеся Савіцкага.

У галоўным героі я ў многім пазнаю таго юнака, які ў чатырнаццаць гадоў уліўся ў рады народных мсціўцаў, быў партызанскім разведчыкам і падрыўніком. Хто, як ні Саша Савіцкі, перажыў тыя эпізоды, пра якія пасталелы Алесь Ануфрыевіч апісаў у аповесці.

Родныя і знаёмыя мне мясціны Падкасцельцы, Ксты, Баравуха, Экімань паўстаюць з твору яркімі карцінкамі. Дзеянне ў аповесці разгортваецца напружана і імкліва. І мне, маладзейшаму, ярка бачыцца тое, што адбывалася ў тыя горкія і гераічныя часы на маёй Радзіме, і мне блізкія перажыванні галоўных герояў, іх трагічны лёс.

Безумоўна, праблемы сямейнага чытання значна шырэйшыя, чым размова толькі пра гэтыя кнігі. Важна, каб і бацькі далучыліся да сумеснага чытання са сваімі дзецьмі, каб сувязь пакаленняў ажыццяўлялася і ў працэсе далучэння да скарбаў літаратуры.

Маральныя каштоўнасці народа – гэта тое, што неабходна, каб краіна жыла і развівалася . Каб моладзь пераймала багаты досвед старэйшых пакаленняў, памнажала іх здзяйсненні і слаўныя справы. І ў гэтым роля кнігі, сумеснага сямейнага чытання надзвычай важная.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: