Падзяліцца:
“Роздум. Рукапісы не гараць”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 23.07.2020
“Роздум. Рукапісы не гараць”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Што такое архіўныя фонды, як яны фарміраваліся, з якімі цікавымі фактамі з біяграфіі Івана Луцкевіча, Язэпа Пушчы, Уладзіміра Караткевіча сустрэнецца чытач, што хаваецца ў фондах беларускага замежжа – усё гэта можна знайсці на старонках новага архіўнага альманаха “Аўтограф”, прэзентацыя якога адбылася днямі ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Матэрыялы, якія склалі альманах, у пераважнай большасці належаць аўтарству супрацоўнікаў архіва-музея і пісаліся з цягам апошніх дваццаці гадоў для самых розных перыядычных выданняў, зборнікаў, гучалі на навуковых канферэнцыях.

Згаданая прэзентацыя прымеркавана да шасцідзесяцігадовага юбілею гэтай установы, якая сабрала сапраўдны скарб матэрыялаў, звязаных з гісторыяй беларускага мастацтва.

Сёння гэтае ўнікальнае сховішча налічвае звыш 90 тысяч дакументаў і матэрыялаў па гісторыі літаратуры, выяўленчага мастацтва, тэатра і музыкі ад пачатку дзевятнаццатага стагоддзя і да нашых дзён. Тут знаходзяцца асабістыя фонды Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Мележа, Янкі Брыля, Васіля Быкава, артыстаў і рэжысёраў Ларысы Александроўскай, Уладзіміра Корж-Сабліна, Стэфаніі Станюты, кампазітараў Анатоля Багатырова, Яўгена Глебава, Ісака Любана, мастакоў Арлена Кашкурэвіча, Івана Ахрэмчыка і іншых.

Гэта рукапісы, лісты, фотаздымкі, дзённікавыя запісы, тое, што захавалі нашчадкі і перадалі музею.

Гэта тое, што прыадкрывае таямніцы і дапаўняе нашы веды, што характарызуе эпоху і ролю ў гісторыі нашай культуры знакавых асоб, якія і стваралі гэтую гісторыю.

Асабістыя архівы не даюць схлусіць, прыменшыць або перабольшасць ролю і значэнне іх аўтараў. Наадварот, яны дазваляюць паўней і шырэй раскрыць для сучаснікаў унутраны свет выбітных дзеячаў айчыннай культуры.

Сярод дакументаў і матэрыялаў: запісная кніжка бацькі пісьменніка і мастака Каруся Каганца за 1813-64 гг.; «Беларуская хрэстаматыя», падрыхтаваная Браніславам Эпімах-Шыпілам у 1889-1931 гг.; часопіс «Гоман», ліст Марка Шагала з Парыжа Юдалю Пэну.

Праца архівіста – не толькі сабраць і захаваць падобныя ўнікальныя матэрыялы. Важна сістэматызаваць, прааналізаваць іх, дапамагчы, каб яны “працавалі” на тое, каб праз асабістыя звесткі паўставала агульная карціна нашай спадчыны.

Сёння гэта вельмі важна яшчэ і таму, што ёсць спробы скажэнняў і фальсіфікацый нашай гісторыі, адмаўлення ці зніжэння значнасці таго, што зроблена папярэднікамі, якія ў тыя далёкія часы дбалі пра лёс сваёй Айчыны.

Усе мы сваім жыццём, сваімі справамі пішам лёс краіны. І тое, што захавае час, дазволіць нашчадкам убачыць і ацаніць зробленае, паслужыць прыкладам і светлай паходняй у іх далейшым лёсе. І архіўныя матэрыялы, сабраныя рупліўцамі сваёй справы, дапамогуць у гэтым.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: