У біяграфіі гэтага чалавека ўмясцілася столькі, што хапіла б і на некалькі лёсаў. Падлеткам уступіў у рады народных мсціўцаў, падрываў варожыя эшалоны, быў ранены ўжо салдатам пад Шаўляем, быў сярод тых, хто распісаўся ў 45-м на сценах Рэйстага… Праз 55 гадоў яго знайшоў баявы салдацкі Ордэн Славы.
Гэта Алесь Ануфрыевіч Савіцкі, аўтар шматлікіх раманаў, аповесцяў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, стагоддзе якога сёння адзначаюць родныя, блізкія, прыхільнікі яго таленту.
За свае подзвігі ў партызанах і на франтах Вялікай Айчыннай Алесь Савіцкі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Славы ІІІ ступені, Айчыннай вайны І і ІІ ступені. Ужо ў мірны час ён удастоены «Знака Пашаны» і ордэна Францыска Скарыны, стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
І ў пасляваенным жыцці Савіцкі трымаў нябачны бой. Вучыўся ў Літінстытуце і адначасова заканчваў вячэрнюю школу, пісаў па начах раманы і аповесці, ездзіў у экспедыцыі, творчыя камандзіроўкі. Быў на высокіх пасадах, адкуль пайшоў на пісьменніцкі хлеб…
Сярод герояў яго твораў – юныя падпольшчыкі з Обалі, полацкія шклозаводцы, партызаны і простыя звычайныя мірныя людзі. Гэта споведзь чалавека, грамадзяніна аб перажытым, развагі пра жыццё і лёс роднай краіны.
Пасля яго смерці выйшла яшчэ адна, неапублікаваная раней аповесць «Карабін» пра юных палачан, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаліся з фашысцкімі акупантамі.
«Самы высокі паверх» – так называецца адзін з яго ранейшых твораў.
Я, полацкі хлапчук, не мог у сваім дзяцінстве ўявіць, што буду называць Савіцкага сваім таварышам і паплечнікам. Як мне расказваў Алесь Ануфрыевіч, першае сваё апавяданне ён апублікаваў у год, калі я нарадзіўся!..
Я не раз прысутнічаў на сустрэчах Савіцкага з чытачамі. Трэба сказаць, што прамоўца ён быў выдатны, але калі аўдыторыя была маладая, Алесь Ануфрыевіч нібы атрымліваў дадатковую падзарадку. Горача і пранікнёна ён звяртаўся да аўдыторыі, і нібы запальваў яе сваім палымяным пачуццём.
Так, ён выбраў у сваім жыцці самы высокі паверх мужнасці, стойкасці, сумлення і праўды. І ён скарыўся яму, прыгожаму, сівому чалавеку, воіну, грамадзяніну, таленавітаму пісьменніку.
Паверх мужнасці і гераізму, сумленнасці і адданасці роднаму краю.