Падзяліцца:
«Роздум. Шчодрае лета». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 16.06.2022
«Роздум. Шчодрае лета». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Кушляны… Звычайная вёска ў дваццаці кіламетрах ад Смаргоні. Але, калі мы чуем гэту назву, адразу ўзгадваецца славуты выраз «не пакідайце мовы нашай беларускай», які належыць аднаму з заснавальнікаў найноўшай беларускай літаратуры, выдатнаму сыну Беларусі Францішку Багушэвічу.

Сядзіба была набыта Багушэвічамі ў 1749 годзе. Сучасны будынак быў пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя за грошы Францішка Багушэвіча і пад яго наглядам. Тут творца жыў апошнія гады свайго жыцця, у многіх творах адлюстраваны мясцовыя звычаі і назвы.

У гэтую суботу тут адбудзецца традыцыйны Кушлянскі фэст – літаратурна-музычнае свята, якое ладзіцца штогод у Музеі-сядзібе Францішка Багушэвіча «Кушляны» – у гонар аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры, нацыянальнага паэта Беларусі.

Музей-сядзіба – філіял Рэспубліканскага музея гісторыі беларускай літаратуры, і яго супрацоўнікі, а таксама мясцовыя арганізатары, падрыхтавалі разнастайную праграму, дзе адбудуцца сустрэчы з літаратарамі, этна-праект, прэзентацыя дзіцячых мастацкіх работ, і, безумоўна, экскурсія па музеі-сядзібе, дзе шмат захавалася рэчаў, якія ўзгадваюць былога гаспадара.

Увогуле, сёлетняе лета багатае на такія яркія святы і сустрэчы. Нарэшце пандэмія, спадзяемся, адступіла і дала магчымасць у поўным аб'ёме наладзіць традыцыйныя і новыя фэсты, святы літаратуры, музыкі, мастацтва.

Тыдзень назад завяршыўся міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, які, дарэчы, прайшоў тут у трыццаты раз. Гэты фестываль сабраў народныя таленты з Беларусі, Расіі і іншых краін, якіх аб'ядноўвае любоў да фальклору, народнай музыкі.

Паколькі бягучы год у нашай краіне названы Годам гістарычнай памяці, то і аргкамітэт вялікую ўвагу ўдзяліў гісторыі фестывалю, знакамітым музыкантам і грамадскім дзеячам, усім тым, хто стаяў каля вытокаў мерапрыемства і замацоўваў аўтарытэт і прэстыж нашага міжнароднага форуму, – засведчыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пастаўскага райвыканкама, дырэктар фестывалю Галіна Чаплінская.

Безумоўна, у Год гістарычнай памяці арганічна ўпісаліся святочныя мерапрыемствы, звязаныя са 140-годдзем класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Вязынка рыхтуецца сустрэць удзельнікаў рэспубліканскага свята паэзіі. Ушанаваць месца нараджэння Купалы прыедуць госці са сталіцы і іншых гарадоў Беларусі, а мясцовыя жыхары з задавальненнем будуць слухаць вершы і песні на роднай мове, бессмяротныя Купалавы радкі.

Чакаюць аматары літаратуры і традыцыйнага фестывалю «Ракуцёўскае лета». Тут, у гэтых маляўнічых мясцінах летам 1911 года адпачываў Максім Багдановіч. Пасля Ракуцёўшчыны малады творца з Яраслаўля адчуў сябе сапраўдным беларускім паэтам, выспеліў задуму зборніка «Вянок».

Так, сёлетнія летнія маршруты будуць напоўнены высокім сэнсам прыналежнасці да роднай гісторыі, мастацкага слова.

І яшчэ немалаважная акалічнасць: для многіх беларусаў ёсць магчымасць уключыць у свае турыстычныя вандроўкі знакавыя месцы, звязаныя з нашымі традыцыямі, культурай, нашай слаўнай гісторыяй.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: