Пра гэты выпадак мне распавёў блізкі сябра. Выходзячы з таксі ля свайго пад’езда, ён выраніў кашалёк з даволі буйной сумай грошай, банкаўскай карткай, праязным білетам.
Пра тое, што выраніў, высветлілася пазней, а ў той момант, назаўтра, выявіўшы прапажу, бедалага пачаў шукаць таксіста, аблазіў усё дома і ля пад’езда. Але кашалька не было, і таксіст заявіў, што нічога такога ў машыне не знайшоў.
Было ўжо прымірыўся сябар са стратай, але праз дзень увечары ў кватэры раздаўся тэлефонны званок, і жаночы голас, прадставіўшыся участковым інспектарам міліцыі, запытаў, ці не страчваў гаспадар што-небудзь. Пачуўшы сцвярджальны адказ, жанчына запрасіла ў апорны пункт правапарадку, каб атрымаць знаходку.
У знойдзеным кашальку было ўсё на месцы. Аказваецца, знаходку ў той жа вечар прынесла ў міліцыю маладая жанчына. І там аператыўна высветлілі, каму належала прапажа, адшукалі адрас і нумар тэлефона гаспадара, вярнуўшы яму страчанае.
Даведаўщыся ад інспетара нумар тэлефона жанчыны, сябра тут жа патэлефанаваў і выказаў словы падзякі.
“Я сама некалі была ў такой сітуацыі, – сказала жанчына, і таму вельмі добра разумею вашы пачуцці. Хай заўсёды бумеранг вяртаецца толькі добрымі звесткамі.”
І тут я прыгадаў даўнюю сваю гісторыю. Аднойчы ў камандзіроўцы я згубіў ці, дакладней, у мяне выцягнулі партманэ з дакументамі і грашыма. Асабліва расстроіла мяне прапажа пашпарта, бо неўзабаве трэба было афармляць дакументы для іншай камандзіроўкі за мяжу.
Я ўжо было падрыхтваўся пісаць заяву аб прапажы ў міліцыю, як убачыў у паштовай скрыні паштоўку.
Невядомы аўтар паведамляў, што знайшоў мой пашпарт, але верне мне толькі пасля таго, як я пералічу на яго рахунак грашовае ўзнагароджанне...
Вось такія падобныя і ў той жа час не падобныя выпадкі.
Успомнілася, як мне казала ў дзяцінстве мама, што, калі знойдзеш што чужое, якое нехта згубіў, пастарайся адшукаць гаспадара ці аддаць таму, хто яго адшукае.
“На чужой бядзе шчасце не атрымаеш", – казала маці.
Сапраўды, бумеранг вяртаецца тым, з чым яго паслалі. І мне вельмі верыцца, што бумеранг дабрыні і спагады ўсё ж часцей будзе вяртацца да нас з добрымі, а не благімі звесткамі.
Важна, каб мы яго толькі з такой дабрынёй пасылалі.