Падзяліцца:
«Роздум. Сіла духоўнасці». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 13.10.2022
«Роздум. Сіла духоўнасці». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Заўтра ў чарговы раз пад скляпеннямі велічнага Сафійскага сабора ў Полацку адбудзецца ўрачыстае адкрыццё фестывалю арганнай музыкі. Святочную праграму падрыхтавалі пастаянныя ўдзельнікі «Званоў Сафіі» Ксенія Пагарэлая і камерны аркестр «Еўропа-Центр». Упершыню на фестывалі прагучыць трыа-саната для дзвюх скрыпак і баса Канцінуа Тамаза Альбіоні.

Полацкі арган даўно пакарыў музыкантаў і слухачоў сваім незвычайным голасам, прыгажосць і глыбіню якога падкрэслівае ўнікальная акустыка Сафійскага сабора. Мне давялося сорак гадоў таму прысутнічаць на першым арганным канцэрце ў Полацкай Сафіі, які адкрыў сваім выступленнем славуты арганіст з Масквы Алег Янчанка.

З таго часу мне не раз даводзілася расказваць слухачам пра ўнікальны фестываль, які ў старадаўнім горадзе атрымаў міжнародны статус, у якім прынялі ўдзел славутыя выканаўцы з усіх краін далёкага і блізкага замежжа.

І кожны раз хацелася падкрэсліць тую духоўную сілу, якую дае музыка людзям, тое высокае суладдзе душ, якое выклікае яна.

Ведаю і разумею, што не толькі полацкі фестываль з'яўляецца ў нашай краіне важнай культурнай падзеяй, але тое, што менавіта Полацк стаў важным культурным цэнтрам, – у гэтым бачу высокую справядлівасць, бо горад, калыска беларускай дзяржаўнасці, варты таго, каб сюды прыходзілі і прыязджалі людзі не толькі пазнаёміцца з помнікамі сівой гісторыі, але і далучыцца да высокай духоўнай культуры старажытнага горада.

У год гістарычнай памяці варта яшчэ і яшчэ раз звярнуць увагу на тыя каштоўныя помнікі, якія сведчаць аб славе нашых продкаў, аб іх духоўнай культуры.

Гэтым летам мне давялося пабываць у родным горадзе, наведаць знаёмыя месцы і славуты Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Тая ўнікальная цэркаўка Спаса, пабудаваная ў XII стагоддзі, раскрывае новыя таямніцы. Не толькі фрэскі, якія цудоўным чынам раскрыліся праз стагоддзі, аказваецца вяртаецца гісторыя і першапачатковае аблічча храма-апірышча і стварэнне святой Ефрасінні.

Нядаўна мне давялося гутарыць з даследчыцай старажытных пісьмёнаў Ірынай Будзько. Яна шмат новага і цікавага паведаміла пра Полацкае евангелле, створанае хутчэй за ўсё менавіта ў манастыры ў часы самой Ефрасінні.

На жаль, Полацкія выдатнасці, унікальныя помнікі раскіданы па ўсім свеце бо край гэты зведаў шмат гора і разбурэнняў, нападаў ворагаў на полацкую зямлю. Нам яшчэ шмат давядзецца даведацца і адкрыць з нашай сівой гісторыі, як і тых падзей, якія звязаны з мінулай вайной.

Горад, які быў разбураны захопнікамі, горад, дзе фашысты стварылі канцлагеры і гета, паўстаў, як «Фенікс з пепла».

Цікавая дэталь: выстаялі падчас знясільваючых варожых бамбардзіровак і Сафійскі сабор, і Мікалаеўскі сабор Кадэцкага корпуса. І храмы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Ці не ў гэтым прыкмета той велічнай духоўнай сілы народа, якую немагчыма скарыць?

«Званы Сафіі» – так называецца музычнае свята ў горадзе. І ў гэтым таксама можна бачыць сімвал нашай духоўнай сілы, вернасці традыцыям і памяці нашых продкаў.

І хай музыка ў арганнай зале гучыць самых розных кампазітараў, хай пад скляпеннямі сабора выступаюць майстры з розных краін, фестываль у старажытным горадзе напаўняе людзей высокай духоўнасцю і светлымі пачуццямі, любоўю да роднага краю.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: