Прафесар Андрэй Мікалаевіч Ільніцкі жыве ў Маскве, працуе першым намеснікам дырэктара навукова-даследчага медыцынскага інстытута “Геранталогія”. Але для мяне ён заўжды “полацкі малец” Андрэй, якога я памятаю яшчэ з тых часоў, калі бачыў яго разам з бацькам, дырэктарам Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка, маім аднакашнікам Мікалаем Ільніцкім, калі будучы маскоўскі прафесар быў яшчэ школьнікам.
Мы сустрэліся не так даўно на славутай полацкай нябярэжнай – вуліцы Ніжне-Пакроўскай. Тут, над Дзвіной, дарэчы, у адным з дамоў па сённяшні дзень жыве маці Андрэя, і сюды ён прыязджае некалькі разоў на год.
Мой зямляк са мной заўсёды гаворыць па-беларуску. І не толькі са мной. Валоданню беларускай мовай маскоўскага прафесара можа пазайздросціць нават слынны айчынны мовазнаўца. Па прызнанні Ільніцкага, родная мова для яго – тое апірышча, тое высокае пачуццё прыналежнасці, якое заўсёды дапамагае яму не страчваць духоўнай сувязі з родным краем. Гэтак жа, як і для яго бліжэйшага калегі і паплечніка, таксама прафесара Кірылы Прашчаева.
І яшчэ адзін мой зямляк Алег Рудакоў, які зараз жыве ў расійскім Іркуцку. Там служыў у савецкім войску, там завёў сям’ю і застаўся. Ды покліч роднай зямлі, роднай мовы натхнілі Алега на стварэнне клуба беларускай культуры і гісторыі ў гэтым сібірскім горадзе. Балазе, на іркуцкай зямлі жыве нямала былых перасяленцаў-беларусаў, якія падчас сталыпінскай рэформы ў царскай Расіі пераехалі жыць і працаваць у гэты суровы край. І сёння ў Іркуцку не дзіва пачуць беларускую гаворку, беларускую песню, убачыць нашы нацыянальныя строі і старадаўнія танцы.
Да чаго гэта я?
Проста сіла і ўнутраная моц роднай мовы не пакідаюць людзей нават далёка ад малой радзімы, даюць тое натхненне і душэўную трываласць, якія дапамагаюць жыць.
Гэта варта, думаю, узгадаць якраз напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які будзе адзначацца ў розных краінах, і, безумоўна, у нас, у Беларусі.
Нагадаю, што Міжнародны дзень роднай мовы — свята, якое з 2000 года адзначаецца штогод 21 лютага “з мэтай заахвочвання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі і спрыяння ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменнні, цярпімасці і дыялогу”.
У свеце ёсць мовы, на якіх гавораць дзесяткі мільёнаў людзей, якімі валодаюць прадстаўнікі самых розных народаў і этнасаў. Але роднай для кожнага народа з’яўляецца тая, на якой гаварылі, спявалі, складалі легенды і паданні далёкія продкі, якая з’яўляецца крыніцай духоўнай чысціні і веры.
І вяртанне да гэтых каштоўных гаючых крыніц – нібы глыток свежага паветра, нібы нябачная духоўная сувязь з ранейшымі пакаленнямі.
І гэтую сувязь варта падтрымліваць, бо яна дае моц і трываласць, яна дае адчуванне сваёй непаўторнасці і самабытнасці, шчасце адчуваць сябе гаспадаром на роднай зямлі. Бо, як я пісаў у адным з вершаў: