Падзяліцца:
«Роздум. Сімвал духоўнага багацця». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 21.05.2020
«Роздум. Сімвал духоўнага багацця». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

«Калі абяскрыльвае бедстваў цяжар
І скрусе гатовы скарыцца –
Ідзі і вазьмі сапраўды БОЖЫ ДАР
Жыровіцкай цуда-Крыніцы…
Калі не адбіцца ад духаў ліхіх
І з процьмы грахоў не адняцца –
Малітваў прасі невядомых святых
З сузор'я Жыровіцкіх Старцаў…
І сэрца тваё – легкакрылае йзноў,
Сусвет – трапяткі і прыгожы…
Бо вечна над ім Жыватворны Пакроў
ЖЫРОВІЦКАЙ МАЦІ БОЖАЙ…»

Гэта радкі з верша Алега Бембеля – Зніча, манаха Жыровіцкага манастыра. Манах Іаан, сын славутага скульптара Бембеля, музыкант і навуковец у мірскім жыцці. З 1996 ён у манастыры. Тут ён спачатку стаў iнакам Мікалаем, а затым, прыняўшы пострыг — манахам Іаанам. Піша вершы, рэдагуе багаслоўска-літаратурны лісток «Жыровіцкая абіцель», падтрымлівае кантакты з журналістамі, літаратарамі, навукоўцамі, арганізуе духоўна-асьветніцкія сустрэчы.

Ужо 500 гадоў у вёску Жыровічы Слонімскага раёна, што ў Гродзенскай вобласці, наведваюцца паломнікі, вернікі, ды і проста турысты. Што іх вабіць? Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр з яго незвычайнай атмасферай.

Манастырскі комплекс у вёсцы Жыровічы вельмі старажытны і з'яўляецца вельмі важнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і славутасцю Беларусі, таму ён карыстаецца вялікай папулярнасцю не толькі ў праваслаўных хрысціян, але і сярод прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій. Манастыр у вёсцы Жыровічы заўсёды напоўнены пілігрымамі, турыстамі і падарожнікамі.

Ён быў заснаваны ў 1470 годзе на тым жа месцы, дзе ў тым жа годзе, паводле падання, быў аб'яўлены Жыровіцкі абраз Маці Божай.

На працягу ўсёй сваёй гісторыі і аж да нашага часу мужчынскі Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр быў і застаецца адным з асноўных рэлігійных і культурных цэнтраў Беларусі. За гады існавання тут сабралася вялікае кніжнае багацце.

Вельмі каштоўнымі былі рукапісы і кнігі, якія нярэдка ахвяраваліся для Жыровіцкага манастыра. Найбольш вядомым памятнікам старабеларускай пісьменнасці, які захоўваўся ў Жыровічах і дайшоў да нашых дзён, з’яўляецца ілюстраванае Евангелле XV стагоддзя. Яго падарыў манастыру канцлер ВКЛ Леў Сапега, таму рукапіс называюць яшчэ «Евангеллем Сапегі».

Нацыянальная бібліятэка Беларусі правяла ў анлайн-рэжыме ХVІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні, прымеркаваныя да 500-годдзя заснавання Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі!

Тэматыка прыцягнула цікавасць шматлікіх навукоўцаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і Францыі – кнігазнаўцаў, філолагаў, гісторыкаў, культуролагаў, мастацтвазнаўцаў, філосафаў, рэлігіязнаўцаў, тэолагаў, супрацоўнікаў бібліятэк, архіваў, музеяў, навуковых і навучальных устаноў, краязнаўцаў.

Так вось высокая духоўнасць, айчынная гісторыя аб'ядналі ўсіх, хто любіць свой край, бо мы нарэшце пачалі разумець, што гэта ёсць асноўнае багацце, якім трэба ганарыцца. Думка, роздум, шляхі для духоўнага ўдасканальвання вельмі патрэбны нам заўсёды. І гэта мы адчуваем штодня, асабліва ў нялёгкія часы выпрабаванняў.

Сілу і веру дораць нам такія юбілеі, усяляюць надзею ў светлую і шчаслівую будучыню.


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: