Мемарыял Герою Савецкага Саюза Зінаідзе Тусналобавай-Марчанка адкрыты пасля рэканструкцыі ў Полацку. Гэтая падзея ў маім родным горадзе, думаецца, павінна прыцягнуць увагу не толькі палачан, бо імя Зінаіды Міхайлаўны вядома жыхарам не толькі нашай краіны.
У маі 1965 года яна стала трэцяй савецкай медсястрой і першай у Беларусі, удастоенай узнагароды Міжнароднага Чырвонага крыжа – медаля Флорэнс Найцінгейл.
У сваіх першых баях пад Варонежам у лістападзе 1942 года яна за пяць дзён вынесла на сваіх плячах 26 раненых салдат і была ўдастоена ордэна Чырвонай Зоркі. А ўсяго за сем месяцаў, знаходзячыся на фронце, гераічная жанчына вынесла з поля боя 123 раненых воіна і была цяжка паранена.
Сёння, калі падзеі таго часу бачацца нам далёкім рэхам, варта згадаць ролю гэтай дваццацітрохгадовай дзяўчыны ў патрыятычным парыве салдат і камандзіраў Чырвонай арміі.
Пасля звароту Зінаіды да рабочых, публікацыі адкрытага ліста воінам Першага Прыбалтыйскага фронту, лозунг «За Зіну Тусналобаву!» з’явіўся на бартах многіх савецкіх танкаў, самалётаў і гармат.
А са зваротам гэтым беларуска звярнулася са шпіталя, дзе дактары змагаліся за яе жыццё. Пасля шматлікіх аперацый Зінаіда выжыла, але пазбавілася рук і ног.
Гісторыя яе кахання і сямейнага шчасця дастойная аповесцяў, раманаў, вершаў Яна пабралася шлюбам з каханым, які, нягледзячы на тое, што яна ў адчаі папрасіла сястру са шпіталя напісаць свайму Іосіфу: «Я пастрадала на фронце. У мяне няма рук і ног. Я не хачу быць для цябе абузай. Забудзь пра мяне», не пакінуў сваю Зіну. Яны ў Полацку стварылі сям’ю, Зінаіда Міхайлаўна нарадзіла дваіх дзяцей, стала для гараджан жывым прыкладам мужнасці і жыццёвай трываласці.
Памятаю, што адным з першых інтэрв’ю ў маёй журналісцкай практыцы было інтэрвю з Зінаідай Міхайлаўнай.
З хваляваннем слухаў яе хрыплаваты голас, бачыў стос лістоў, якія прыходзілі з усіх куткоў Савецкага Саюза, як яна спрытна дзейнічала сваімі пратэзамі, адкрываючы іх.
У Полацку без яе не абыходзілася ні адна ўрачыстасць. Яна ўваходзіла ў склад грамадскіх арганізацый горада, часта выступала ў школах, працоўных калектывах.
Цяпер у доме, дзе жыла з сям’ёй Зінаіда Міхайлаўна, створаны музей і яе імя стала для палачан сімвалам сапраўднага гераізму.
Паўтаруся, не толькі для палачан. Імем Зінаіды Міхайлаўны Тусналобавай-Марчанка названы вуліцы ў Ленінску-Кузнецкім і ў Полацку, а таксама Полацкі медыцынскі каледж.
У сяле Новапакасьма Ленінск-Кузнецкага раёна, дзе яна вучылася, яе імем названа школа.
У пасёлку Гаршочнае Курскай вобласці, дзе яна атрымала раненне, названа вуліца, побач з якой размешчана цэнтральная раённая бальніца.
У Старым Асколе Белгародскай вобласці яе імя носіць сад школы № 33.
Стэнд, прысвечаны мужнасці З.М.Тусналобавай-Марчанка, размешчаны ў музеі-кватэры М.А.Астроўскага «Пераадоленне» у доме №14 па вуліцы Цвярской ў Маскве.
У 1992 годзе ў Беларусі быў выпушчаны паштовы канверт, прысвечаны Тусналобавай. У Віцебскай вобласці заснавана прэмія яе імя, якая ўручаецца штогод жанчынам-маці.
І нядаўняя падзея ў Полацку стане яшчэ адной нагодай узгадаць гэтае светлае імя, нагадаць сучаснікам і маладому пакаленню яркую старонку подзвігу народу ў Вялікай Айчыннай вайне.
