Раскашуе чэрвень. Сонечныя дні радуюць свежай зелянінай зыркімі промнямі, светлымі вечарамі. Але неспакойна ў свеце, страляюць гарматы, ліецца кроў, і прыходзяць успаміны пра блізкіх і родных, якія перажылі ваеннае ліхалецце. Іх лёс нагадвае пра тое, пра што трэба памятаць тым, хто жыве сёння ў міры і спакоі.
Сіроціна… Я ўжо ведаў слова «сірата», і неяк мне гэтая назва адгукалася, як быццам нешта такое вельмі сумнае, няшчаснае.
Чаму так называлася маміна родная вёска, што побач з Шумілінам (дарэчы, таксама вельмі цікавае слова), бабуля мне не магла растлумачыць.
Аднойчы цётка Вера, якая прыязджала да нас з Гродна, узгадваючы сваю аднакласніцу, казала, што ў Сіроціне ў вайну тую дабіў лапатай, калі яна вылазіла з ямы, былы ўхажор.
– З якой ямы, і чаму ён яе дабіваў? – пытаўся я.
– А, ты яшчэ малы, пасля даведаешся, – сказала добрая цётухна.
Я і праўда даведаўся, але амаль праз паўвека.
Шукаючы ў інтэрнэце звесткі пра маміну радзіму, я знайшоў такі расповед:
Адразу пасля нямецкай акупацыі ў 1941 годзе ў Сіроціне было створана гета, куды сагналі і шумілінскіх яўрэяў.
Прызначаны імі брыгадзір Масарскі ўгаворваў супляменнікаў сыходзіць у лес, але ва ўсіх у якасці закладнікаў былі сем’і. Аднойчы Масарскі не вытрымаў здзекі і знявагі акупанта, забіў фашыста, закапаў яго труп пад мостам і ўцёк у лес, у партызанскі атрад.
А што было далей, сведчаць крыніцы: «17 лістапада ў мястэчка прыбыла зондэркаманда. Ужо назаўтра баракі гета акружылі салдаты і паліцаі. Яны сталі выганяць людзей на вуліцу і строіць у калону, падманваючы, што вядуць на сход у вёску Плігаўкі. Калону ахоўвалі паліцаі.
Забойства адбылося за два кіламетры на захад ад Сіроціна ля пясчанага кар’ера бліз Гнілога моста. Да месца расстрэлу пад’ехала крытая грузавая машына з нямецкімі салдатамі-аўтаматчыкамі. Калі калона падышла да кар’ера, адна старая жанчына закрычала «Уцякайце, хто можа! Вас вядуць забіваць!» Паліцаі адразу ж застрэлілі яе. Начальнік паліцыі Баравікоў асабіста засек лапатай васьмігадовую дзяўчынку, якая выпаўзла з-пад мёртвых целаў. Другую дзяўчыну, якая выбралася з ямы пасля расстрэлу і спрабавала ноччу сысці, засёк рыдлёўкай мясцовы жыхар.»
Пэўна, пра гэта расказвала тады цётка Вера.
Прычым паліцаі самі хваліліся страшэннымі эпізодамі расстрэлу перад сяльчанамі.
У той дзень было расстраляна 316 чалавек...
І толькі цяпер я ўявіў ад якой бяды ўцякалі мая бабуля і цётухна Вера з Сямёнам, бацька якога быў на фронце.
Сіроціна… Ні разу ня быў я ў гэтай вёсцы. Ужо амаль сорак гадоў, як не стала маёй мамы, дзевяноста тры гады, дзякуй Богу, адзначыў былы хлапчук-капітан першага рангу Сямён… Але ён шумілінскі, а не сіроцінскі.
Чаму ж у маёй душы так шчыміць і трымціць гэтае слова, нібы напамін аб маім асабістым сіроцтве, калі страціў сваіх бацькоў, якія вякуюць цяпер на старых полацкіх кладах?..