Новае стагоддзе паставіла перад светам нямала праблем, звязаных у першую чаргу з традыцыйнымі каштоўнасцямі, з суіснаванем і ўзаемадзеяннем розных культур і цэлых цывілізацый. Узнікла пэўная турбулентнасць, якая прывяла да супрацьстаянняў, канфліктаў, процілеглых поглядаў на многія звыклыя ісціны і пастулаты. А калі ўлічыць, што да гэтага дадалася сусветная пандэмія, шматлікія «гарачыя кропкі» ў свеце, то тэндэнцыі клопату і трывожных роздумаў над тым, што нас чакае ў будучым, узмацніліся.
Закранулі гэтыя праблемы і культуру, літаратуру і мастацтва. Аказалася, што гэтая сфера таксама падвержана ўсім гэтым праблемам і неадрыўна звязана з усім тым, што адбываецца вакол. І сённяшні творца не можа існаваць у сваёй «вежы са слановай косці», ён актыўны ўдзельнік сённяшняга агульнага працэсу.
Розныя народы і розныя культуры звязвала агульная гуманітарная прастора. Узаемныя кантакты, пераклады спрыялі паразуменню, пэўным агульным крытэрыям, маральным каштоўнасцям. Гэта злучала адзіным бачаннем і агульным гуманізмам і чалавеказнаўствам такіх розных сусветных творцаў, як Гюго і Талстой, Дастаеўскі і Фейхвангер, Пушкін і Міцкевіч, Купала і Шаўчэнка…
Сёння ў гуманітарнай прасторы ўсё ўжо не так проста. І гэта клапоціць і хвалюе літаратараў і вучоных, чытачоў і крытыкаў.
Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў нашай сталіцы прайшоў круглы стол на тэму «Пісьменнік і гуманітарная прастора», які сабраў у анлайн-фармаце ўдзельнікаў з краін далёкага і блізкага замежжа.
Яго ўдзельнікі разам з падтрымкай і цікавасцю да нашага традыцыйнага свята, да таго, як у Беларусі ставяцца да стасункаў і ўзаемадзеяння з пісьменнікамі розных краін, гаварылі пра агульныя праблемы, звязаныя з лёсам сучаснай літаратуры, кнігавыдання, гуманітарных сувязяў.
Дарэчы, само паняцце «гуманітарная прастора» па думцы большасці ўдзельнікаў размовы азначае агульнае творчае асяроддзе.
Так сталася, і гэты працэс пачаўся не сёння, што крытэрыі і ацэнкі ролі пісьменніка, якасці твораў, ідэйных напрамкаў у літаратурных творах усё больш сталі адрознівацца і падвяргацца сумненню, як, зрэшты, і традыцыйныя маральныя каштоўнасці, якія выпрацоўваліся чалавецтвам на працягу тысячагоддзяў.
З узнікненнем пастмадэрнізму, кліпавай літаратуры, блогерства ў творчасці многіх, асабліва заходнееўрапейскіх пісьменнікаў, на першы план выйшлі тэмы разбурэння асобы, адхілення ад норм традыцыйнай маралі, песімізму, роспачы, абыякавасці.
Пошук формы дзеля формы, штукарства сталі вызначаць вартасць і значнасць твораў, ацэньвацца высокімі прэміямі і ўзнагародамі. Прытым значна ўпала чытацкая актыўнасць, увага да асобы пісьменніка.
І ў гэтым праявілася рознасць падыходаў да крытэрыяў выяўлення літаратурнай вартасці і ўвагі да самога літаратурнага працэсу.
У гэтай сувязі практычна ўсе ўдзельнікі круглага стала адзначалі важнасць ролі дзяржавы ў гэтым працэсе, высока ацэньвалі дзяржаўную падтрымку літаратуры , якая ёсць у нашай краіне.
Гэта засведчыла і маштабнае правядзенне XXVIII Дня беларускага пісьменства ў Капылі, на радзіме многіх славутых беларускіх творцаў.
Вяртаючыся да праблем гуманітарнай агульнай прасторы, адзначу, што, безумоўна, вырашэнне гэтых праблем – задача, што гаворыцца, не аднаго дня. Трэба шмат зрабіць, каб тое, чым заўсёды вызначалася высокае мастацкае слова, важкасць зробленага пісьменнікам стала важкім падмуркам у станаўленні маладога пакалення, каб служыла выхаванню высокага патрыятызму, любові да блізкіх, вернасці ідэалам бацькоў, гонару за гісторыю роднага краю.
Праблемы мовы, узаемаабагачэння літаратурнымі здабыткамі розных народаў таксама патрабуюць высілкаў і ўвагі.
Гуманітарная прастора павінна быць прасторай узаемаразумення, творчых сувязяў, сяброўства, служыць высокім мэтам гуманізму, што, зрэшты, і з'яўлялася асновай сапраўднай літаратуры, мэтай творчага пошуку пісьменнікаў розных краін і народаў.
І ў гэтай высакароднай задачы пачэснае месца належыць і нашай беларускай літаратуры, роднаму прыгожаму пісьменству.