Падзяліцца:
«Роздум. Служэнне роднай зямлі і народу». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 04.08.2022
«Роздум. Служэнне роднай зямлі і народу». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Сёлетні год багаты на літаратурныя юбілеі- разам з ушанаваннем 140 -годдзя нашых песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа мы адзначым 105-годдзе Пімена Панчанкі і Янкі Брыля. Зараз у Мінскай гарадской бібліятэцы № 14 імя Францішка Багушэвіча працуе выстава, якая распавядае пра жыцё і творчасць Пімена Панчанкі, у адкрыцці якой мне давялося паўдзельнічаць.

Яна распавядае пра жыццёвыя шляхі паэта, прадстаўляе рэдкія дакументы. Выстава была арганізавана Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. У юбілейны год Пімена Панчанкі гадзіннікавы завод «Луч» у межах калекцыі «Мова» выпусціў серыю гадзіннікаў, прысвечаных Панчанку.

Пімен Панчанка быў прызваны ў Чырвоную Армію ў вepacні 1939 гoдa. Удзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, у час Вялікай Айчыннай працаваў у poзныx вaйcкoвыx выдaннях, быў узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі» і «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені. Вось знакамітыя радкі з яго верша «Герой»:


Злосна сказаў: «Уставай, пяхота!
Мы не на пляжы, а на вайне».
І лёг на змяіныя скруткі дроту.
І дзвесце салдацкіх запыленых ботаў
Прайшлі па яго спіне.


З 1946 г. працаваў у рэдакцыях часопіса «Вожык», газеты «Літаратура і мастацтва», быў галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман», «Маладосць», сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, депутатам Вярхоўнага Савета БССР, старшынёй Рэспубліканскага камітэта абароны міру. Узнагароджаны ардэнамі і медалямі.

Паэзія Панчанкі, як адзначыў паэт Васіль Зуёнак, «саткана з жывога агню: яна і сагравае, і апякае душу, яе не возьмеш у рукі – і яна заўсёды з табою».

Чацвёртага жніўня 1917 года нарадзіўся і другі слынны юбіляр – народны пісьменнік Янка Брыль.

Лёс мне падарыў шчасце быць знаёмым з Іванам Антонавічам, не раз чуць яго думкі і выказванні пра жыццё і літаратуру. Ужо першыя творы вылучылі Брыля як арыгінальнага майстра-лірыка псіхалагічнай прозы, добрага знаўцу народнай мовы.

Звяртаўся пісьменнік і да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Класікай беларускай літаратуры стала яго апавяданне «Маці». У пачатку 1960-х з'явіўся ў друку вядомы раман Брыля «Птушкі і гнёзды». Гэты адзін з самых аўтабіяграфічных твораў пісьменніка быў прынцыпова новым словам у жанры рамана, які сам аўтар назваў «кнігай адной маладосці».

Унікальнай у сусветнай літаратуры стала і створаная Брылём разам Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам дакументальная аповесць «Я з вогеннай вёскі» – трагічныя ўспаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, жорсткая, няўмольная, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм.

Адну з кніг сваіх лірычных мініяцюр ён назваў «Жменя сонечных промняў». Яго жыццё і творчасць і было жменяй сонечных промняў на абсягу нашай літаратуры. Шчырае, сумленнае служэнне роднай зямлі, роднаму народу было галоўнай мэтай і сэнсам яго жыцця.

Юбілеі нашых славутых творцаў – магчымасць задумацца над роляй мастацкага слова ў нашым жыцці, прасякнуцца любоўю і ўвагай да кнігі, чытання, роднага беларускага слова, якое ўславілі ў сваіх творах класікі айчыннай літаратуры.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: