Упершыню пра Язэпа Драздовіча я пачуў ад свайго старэйшага калегі па полацкай газеце Германа Кірылава, ураджэнца Шаркаўшчынскага раёна. Ён расказаў пра вандроўнага мастака, які жыў па хатах простых людзей у тых мясцінах, маляваў людзей і разлічваўся за начлег і ежу прыгожымі маляванымі дыванкамі.
Гэтая незвычайная постаць, як казаў Кірылаў, зацікавіла краязнаўцаў з вёскі Германавічы Кліменція Кожана і Аду Райчонак, і яны стварылі ў мясцовай школе, дзе працавалі настаўнікамі, музей, збіралі па хатах творы мастака.
Неўзабаве мне давялося пабываць у Германавіцкай школе, і да гэтага часу памятаю цікавы расповед Ады Эльеўны пра «вечнага вандроўніка», як пазней назваў Драздовіча літаратуразнаўца Арсень Ліс.
Менавіта з яго лёгкай рукі слава пра самабытнага мастака, філосафа і летуценніка хутка разнеслася па Беларусі.
Але тое, што зрабілі мясцовыя краязнаўцы, стала пэўным штуршком для гэтай важнай і значнай работы.
Падчас працы ўласным карэспандэнтам радыё мне не раз даводзілася сустракацца з гэтымі апантанымі цікавымі людзьмі, якія, не шкадуючы вольнага часу, сіл і энергіі, ўпісвалі яркія старонкі ў летапіс свайго краю.
Гэта і Вітольд Ермалёнак з Міёр, Антон Бубала з Верхнядзінска, Ігар Пракаповіч з Пастаў, і многія-многія іншыя.
«Краязнаўства – гэта комплекснае навукова-даследчае і папулярызатарскае вывучэнне пэўнай тэрыторыі і накапленне ведаў пра яе. Пры гэтым на геаграфічнай базе аб'ядноўваюцца веды геаграфіі, экалогіі, гісторыі, археалогіі, тапанімікі…»
Такое вызначэнне дае грамадскаму руху энцыклапедыя.
Беларускае краязнаўства мае даўнія традыцыі. Асабліва плённа развівалася ўпачатку ХХ ст пасля рэвалюцыі 1917 года, што абумоўлена нацыянальным уздымам, выкліканым утварэннем БССР.
Сёння краязнаўчы рух атрымлівае новы імпульс, бо Год малой Радзімы выклікаў шчырае жаданне як мага больш даведацца пра гісторыю і культуру роднага краю.
На гэтым тыдні адбудзецца першы Рэспубліканскі краязнаўчы форум. Ён пройдзе на базе Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і яго філіялаў. Арганізатары форума – міністэрствы культуры і інфармацыі, Нацыянальны гістарычны музей, Беларускі фонд культуры. Форум будзе праводзіцца ў партнёрстве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і выдавецкім домам “Звязда”.
Сярод асноўных задач прадстаўнічай сустрэчы – вывучэнне стану спраў у краязнаўстве, папулярызацыя гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны беларускіх гарадоў і вёсак, далучэнне моладзі да цікавай справы, садзейнічанне выхаванню грамадзяніна Беларусі – патрыёта малой Радзімы, дасведчанай асобы, што любіць і шануе свой край, яго традыцыі, помнікі гісторыі, культуры і прыроды.
Гэтага форуму многія аматары гісторыі і культуры чакалі даўно, бо хоць апошнім часам і выходзілі кнігі, з'яўляліся артыкулы па айчыннай гісторыі, менавіта роля і месца краязнаўства не атрымлівала завершанага канчатковага стаўлення, бо часам прафесійныя гісторыкі, мастацтвазнаўцы досыць скептычна ставіліся да працы энтузіястаў.
Безумоўна, навукоўцы могуць больш абгрунтавана, доказна і адказна вызначыць, ахарактарызаваць падзеі, імёны, даты, але часта бывае, што менавіта пасыл краязнаўцаў, іх пошук, знаходкі станавіліся асновай для навуковых адкрыццяў.