Падзяліцца:
«Роздум. Стваральнік». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 18.05.2022
«Роздум. Стваральнік». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

У Год гістарычнай памяці, мы ўспамінаем многія вехі станаўлення і развіцця айчыннай культуры, у тым ліку тэатральнага мастацтва. Ведаеце, хто быў першым народным артыстам БССР? Гэтае ганаровае званне было прысуджана Уладзіславу Галубку, тэатральнага рэжысёру, акцёру, мастаку, стваральніку перасоўнага беларускага тэатра.

Уладзіслаў Галубок (сапраўднае прозвішча Уладзіслаў Іосіфавіч Голуб) – адзін з самых выдатных дзеячаў культуры 20-30-х гадоў XX стагоддзя.

Нарадзіўся Уладзіслаў Галубок 15 мая 1882 года на станцыі Лясная Баранавіцкага раёна ў сям’і рабочага-чыгуначніка.

У 1906 годзе ён экстэрнам здаў экзамен за поўны курс гарадскога вучылішча. У гэты час выявіў здольнасці ў музыцы і асабліва ў жывапісе. Далучыўся да беларускага культурна-асветніцкага руху, дзе пазнаёміўся з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Змітраком Бядулем і іншымі.

Сваю творчую дзейнасць Уладзіслаў Галубок пачаў у 1906 годзе з вершаў і апавяданняў. У 1913 годзе ў Пецярбургу выйшла першая кніга «Апавяданні», якая з’явілася прызнаннем Галубка як пісьменніка. Акрамя вершаў і апавяданняў, пісаў гумарэскі, імпрэзы, лірычныя абразкі, сатырычныя і жартоўныя замалёўкі.

Да нацыянальнага беларускага тэатра Уладзіслаў Галубок далучыўся ў 1917 годзе, калі ўзнавіла сваю дзейнасць Першае беларускае таварыства драмы і камедыі. З 1917 па 1920 год ён працуе тут акцёрам і рэжысёрам. З гэтага часу пачынаецца стаўленне Галубка як драматурга. Значнае месца ў рэпертуары таварыства займалі яго п’есы.

Летам 1920 года Уладзіслаў Галубок узначаліў Драматычную студыю культурна-асветніцкай арганізацыі «Папараць-кветка» у Слуцку.

Уладзіслаў Галубок – адзін з заснавальнікаў беларускага савецкага тэатра. У 1920 годзе стварыў беларускі вандроўны тэатр, які называўся «Трупа». Аб'ездзіў з пастаноўкамі ўсю Беларусь. Прычым пазней іншыя тэатральныя групы часта бачылі надпісы на сцяне: «Тут быў Галубок са сваімі галубянятамі». З гэтай нагоды Стэфанія Станюта казала: «Усюды ён ужо паспеў раней за ўсіх».

Гэты тэатр – унікальная з’ява ў гісторыі тэатральнага мастацтва Беларусі. Ён стаў вандроўным не толькі з-за адсутнасці стацыянарнага памяшкання. У аснову яго дзейнасці былі закладзены ідэі Галубка, для якога мэтай было – ехаць, ісці, дабірацца да тых, хто яшчэ ні разу не бачыў прафесіянальных спектакляў, жывых акцёраў, несці ім сваё мастацтва, увогуле культуру, асвету, далучаць людзей да тэатра, абуджаць у іх любоў і павагу да яго.

Толькі ў гэтым бачыў Уладзіслаў Галубок сэнс сваёй творчасці і жыцця. Колькасць спектакляў, дадзеных у правінцыі, вылічвалася сотнямі. За шэсць гадоў іх было паказана 1500. У 1932 годзе театр атрымаў назву Беларускі трэці драматычны тэатр.

Уладзіслаў Галубок напісаў каля 40 п’ес, якія з 1917 года ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў. Сюжэты для сваіх твораў ён чэрпаў з гісторыі беларускага народа, фальклорнай спадчыны.

Як акцёр, Галубок стварыў на беларускай сцэне шэраг яркіх мастацкіх вобразаў.

У трупе Галубка рабіла свае першыя крокі на сцэне адна з найбольш знакамітых беларускіх актрыс Стэфанія Станюта, музычнай часткай кіраваў Нестар Сакалоўскі – аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі, на скрыпцы граў Міхаіл Лучанок, бацька вядомага кампазітара Ігара Лучанка. У трупе працавалі і некаторыя беларускія пісьменнікі і паэты, напрыклад, Міхась Васілёк, Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Алесь Дудар і іншыя.

Уладзіслаў Галубок з’яўляецца таксама аўтарам публіцыстычных і тэатразнаўчых артыкулаў. Вядомы ён і як мастак-дэкаратар, пейзажыст – каля 50 пейзажаў Галубка знаходзіліся ў пастаяннай экспазіцыі тэатра.

Імем Уладзіслава Галубка названыя вуліца мінскага жылога раёна Кунцаўшчына, вуліца ў Маладзечне. У 1982 годзе ў Мінску ў Траецкім прадмесці адкрыта «Гасцёўня Уладзіслава Галубка» — філіял Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

На малой радзіме таксама з гонарам ушаноўваецца ягоная памяць. У вёсцы Лясная 26 жніўня 1990 года ўрачыста адкрыты памятны знак з шыльдай. Адна з вуліц вёскі таксама носіць імя Уладзіслава Галубка, а ў Ляснянскай сярэдняй школе размешчаны музейны куток, прысвечаны знакамітаму земляку.

І сёння, ідучы на чарговы спектакль у тэатры Мінска, Віцебска, Гомеля, іншых нашых гарадоў, варта памятаць пра таго, хто быў адным з першых, хто стаяў ля вытокаў нацыянальнага прафесійнага тэатральнага мастацтва.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: