Падзяліцца:
«Роздум. Светлае дыханне паэзіі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.03.2020
«Роздум. Светлае дыханне паэзіі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Хто і калі склаў звычайныя словы ў паэтычныя радкі, я думаю, дакладна не зможа адказаць самы дасведчаны гісторык. Чалавек не толькі здабываў сабе ежу, змагаўся з ворагамі. Ён назіраў навакольнае жыццё, любаваўся прыродай. Пачуцці прыгажосці, замілавання выклікалі на роздум, жаданне выказаць усё гэта словамі.

Кітайскі паэт Ду Фу нарадзіўся ледзь не паўтары тысячы гадоў назад. Разам са сваім сучаснікам паэтам Лі Бо ён належыць да ліку найбольш шанаваных паэтаў у гісторыі кітайскай літаратуры.

«Які высокі ўзровень гэтай паэзіі, якая праз тысячу гадоў данесла любоў паэта да свайго народа, да сваёй радзімы, жывое біццё яго сэрца», – так запісаў у сваім дзённіку класік нашай паэзіі Максім Танк.

Сапраўды, для паэзіі, калі яна сапраўдная, уласцівыя гэтыя высокія якасці, якія робяць з'яву з'яўлення паэтычнага слова сусветнай каштоўнасцю. Пра гэта мне і хочацца сёння паразважаць напярэдадні Сусветнага дня паэзіі.

«Аб бераг б'ецца хваля,
Сівер вее.
І свечка ледзь мігціць
Пад моцным ветрам…»

Калі я перакладаў гэтыя радкі для кнігі серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая», я нібыта бачыў гэты вечар, адчуваў дыханне хваляў, мярцанне адзінокай свечкі.

«Калі паэзія перадае вобразы ва ўсіх іх красках, калі фарбы мастацкага слова ідуць ад жывога, шматаблічнага, яркага жыцця, – тады слова прыдуманае, адкрытае няхай сабе і тысячу гадоў назад, ці нават болей, будзе цешыць і наш слых, і наш зрок цэлую вечнасць». Гэта цытата з прадмовы да выбраных вершаў класіка кітайскай літаратуры ўкладальніка серыі Алеся Карлюкевіча.

Паэзія яднае народы, выклікае светлыя і глыбокія пачуцці. Пра гэта сведчаць і творы айчынных паэтаў, і пераклады на беларускую мову сусветнай паэзіі.

Мы маем магчымасць чытаць па-беларуску і Жака Прэвера, і Гарсіа Лорку, Уолта Уітмена і Адама Міцкевіча, Тараса Шаўчэнку і Міхаіла Лермантава…

Ад часоў Максіма Багдановіча беларускае слова даказала сваю вартасць, здольнасць перадаць самыя тонкія душэўныя пачуцці, высокі напал паэзіі.

А творы нашых класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, Максіма Танка і Аркадзя Куляшова, Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна ўвайшлі ў скарбніцу сусветнай літаратуры.

І напярэдадні свята сусветнай паэзіі важна ўсвядоміць,што хараство і светлыя пачуцці, выкліканыя паэтычным словам, могуць і павінны ўсяліць у нашы сэрцы трываласць і надзею, радасць і любоў. Гэта вельмі важна, калі сутыкаешся з праблемамі і выпрабаваннямі, якія ставіць часам перад намі жыццё.

На нашым радыё кожны дзень гучаць любімыя радкі творцаў розных краін і народаў і, безумоўна, нашых суайчыннікаў.

Паэзіі заўсёды ёсць месца ў нашым жыцці, яна дапамагае нам адчуваць усю шматграннасць і прыгажосць свету.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: