Падзяліцца:
«Роздум. Свята музыкі і слова». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 29.04.2021
«Роздум. Свята музыкі і слова». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Што такое фестываль? Звернемся да тлумачальнага слоўніка. Цытую: «Грамадская ўрачыстасць з паказам і праглядам якога-небудзь віду мастацтва».

Я нездарма звярнуўся да гэтай тэмы, бо набліжаецца лета, і так многім хочацца, каб яно было багатым на фестывалі, каб нягледзячы на напружаную эпідэміялагічную сітуацыю, можна было б пабываць на фестывальных пляцоўках. Дакрануцца да высокага мастацтва музыкі і слова.

І афішы сёлета нам абяцаюць такія сустрэчы на традыцыйных фестывалях у Віцебску і Маладзечна.

Найпершым па часе будзе Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, заснаваны ў чэрвені 1993 года. Сёлета ён таксама адбудзецца ў чэрвені – 11-га і 12 га.

Галоўная ідэя фестывалю – далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей беларускай культуры, прапаганда роднай мовы і папулярызацыя твораў беларускіх кампазітараў і паэтаў, адкрыццё новых імёнаў.

Сёлетні фестываль юбілейны, і таму ён павінен быць асаблівым, паказаць найлепшыя традыцыі, найлепшых людзей у беларускай паэзіі і музыцы, — гавораць арганізатары.

Мне прыгадваюцца ранейшыя святы, у якіх даводзілася прымаць удзел, выступаць разам з калегамі і на цэнтральнай пляцоўцы, і ў глядзельных залах Палаца культуры. У гэтым прыгожым беларускім горадзе заўсёды пануе нейкая незвычайная святочна атмасфера. Здаецца, нават паветра тут напоўнена цудоўнымі беларускімі мелодыямі, тут нязмужана жыве народнае слова і песня.

Дарэчы, сёлета, з мэтай папулярызацыі беларускага слова і знаёмства з беларускай культурай, на фестывалі будзе рэалізоўвацца праект «Роднае слова». На вуліцах горада з'явяцца каляровыя макеты і афішы, якія прадэманструюць каларыт і багацце беларускай мовы. Будуць працаваць усемагчымыя зоны адпачынку, творчасці. Тут жа размесцяцца пляцоўкі тэатральнага і цыркавога мастацтва, фотавыстаўка і многае іншае. А завяршыць работу гэтых зон плануецца буйным флэшмобам «Танцавальны мікс».

Што датычыцца фестывальнай праграмы, то звычайна яна складаецца з конкурсу маладых выканаўцаў эстраднага жанру, творчых вечароў класікаў беларускай паэзіі і вядомых кампазітараў, канцэртаў камернай і джазавай музыкі ў выкананні беларускіх калектываў. Падчас фестывалю традыцыйна шырока адбываецца прадстаўленне нацыянальнага музычнага мастацтва, роднага слова і культуры. На свята запрашаюцца замежныя госці з гарадоў-пабрацімаў Маладзечна.

Пра тое, што чакаецца ў юбілейнай фестывальнай праграме, мы будзем расказваць больш падрабязна ў выпусках на каналах нашага радыё. Скажу толькі, што адметнасць ёй надасць Год народнага адзінства, які праходзіць у нашай краіне. І, безумоўна, трэба адзначыць, што па-ранейшаму мастацкім кіраўніком фэста будзе народны артыст, прафесар Міхаіл Фінберг.

Арганізатары, а гэта Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Белтэлерадыёкампанія перакананыя што юбілейны фестываль беларускай песні і паэзіі стане сапраўдным святам і задаволіць самыя розныя густы.

І гэта стане сапраўдным сведчаннем патрыятызму і велічы нашага народа, самабытнасці і багацця нацыянальнай культуры.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: