Адна з важнейшых падзей у культурным жыцці краіны гэтага тыдня – Фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Гэта адзіны фестываль, які мае статус «Нацыянальны» і вызначае культурную прастору сучаснай Беларусі.
Заснавальнікі фестывалю – Маладзечанскі выканаўчы камітэт, дырэктар – мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» – народны артыст Беларусі прафесар Міхаіл Фінберг.
Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Маладзечанскі раённы выканаўчы камітэт, Палац культуры горада Маладзечна, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, Белтэлерадыёкампанія.
Гэта, так бы мовіць, афіцыйная візітоўка. А за ёй — мора станоўчых эмоцый, цудоўнай музыкі, выдатных вершаў, сардэчных сустрэч.
Сёлетні фестываль дваццаты. За гэты час нарадзілася нямала цудоўных твораў, з'явіліся яркія цікавыя імёны ў музычным мастацтве і літаратуры, выраслі цэлыя пакаленні аматараў беларускага слова, роднай песні. Ды і горад папрыгажэў, і ўжо фестываль мае сваю адметную канцэртную пляцоўку, знаёмую ўсёй краіне.
Узгадваю адзін з першых фестываляў. Я тады працаваў уласным карэспандэнтам нашага радыё, жыў у Наваполацку, выдаў другую кнігу вершаў.
Запрашэнне ў Маладзечна было для мяне прыемнай і хвалюючай падзеяй. Давялося выступаць на паэтычных сустрэчах разам з мэтрамі беларускай паэзіі ў парку, дзе збіралася шмат людзей, выстройваліся цэлыя чэргі за аўтографамі.
А ў наступныя гады меў гонар прамаўляць вершы і з галоўнай сцэны.
Беларускае слова, песня атрымлівалі тады новае свежае дыханне. І фестываль стаў тым месцам, дзе гэта ўвачавідкі атрымлівала сваё адлюстраванне.
Гасцінная «гаспадыня», загадчыца аддзела культуры гарвыканкама Надзея Сідарэнка, была сапраўднай душой фэсту. А гасцінныя маладзечанцы рабілі і сёння робяць усё, каб атмасфера свята, высокай узрушанасці, стваральнага пазітыву панавала ва ўсім горадзе.
Сёння першыя ўдзельнікі – сапраўдныя ветэраны. Многія з іх захавалі ранейшы імпэт, як, зрэшты, бяссменны мастацкі кіраўнік Міхаіл Якаўлевіч Фінберг. Для яго фестываль – гэта роднае любімае дзіця, яго творчая маладосць і мастацкая сталасць.
Безумоўна, час нараджае і новыя ідэі, новыя праекты. І сёлетні юбілейны фестываль па задуме яго арганізатараў павінен быць яркім і насычаным цікавымі падзеямі. Два дні ў горадзе будзе сапраўднае свята. Праграма яго запрашае на самыя розныя пляцоўкі. Адбудуцца традыцыйны конкурс маладых выканаўцаў, вялікая вечарына паэзіі ў гарадскім Палацы культуры, прэзентацыя папулярнай тэлепраграмы Белтэлерадыёкампаніі. Дарэчы, нашы калегі з тэлебачання і радыё будуць весці рэпартажы з важнейшых падзей свята, трансліраваць урачыстае адкрыццё і закрыццё фестывалю.
Нацыянальнае мастацтва – гэта адзін з падмуркаў, на якіх грунтуецца нацыя, краіна. І дваццаты нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне – важкі чыннік у гэтым.