Падзяліцца:
«Роздум. Сын беларускай зямлі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 10.12.2020
«Роздум. Сын беларускай зямлі». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Яго работы выстаўляліся ў лепшых галерэях Пецярбурга, Львова, Варшавы, Кракава. Ён быў прафесарам трох акадэмій, доктарам мастацтвазнаўства. Ім ганарыліся тры еўрапейскія краіны, кожная з якіх хацела назваць яго сваім сынам. Але ён быў сынам беларускай зямлі і заўсёды падкрэсліваў беларускія карані сваіх продкаў, адносячы сябе да беларускай праваслаўнай шляхты.

Сёння мы адзначаем дзень нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца, які нарадзіўся 150 гадоў таму на Валожыншчыне, у маёнтку Багданава ў сям’і Эдварда Рушчыца – прадстаўніка старабеларускага шляхетнага дваранскага роду.

У Валожынскім раённым краязнаўчым музеі захоўваецца кніга мастака «Дзённік». Гэта незаменная крыніца інфармацыі пра яго жыццё. Гістарычны дакумент перадае не толькі ўласныя пачуцці аўтара, але і ўражанні аб падзеях тагачаснага жыцця. Выданне змяшчае вялікую колькасць ілюстрацый і фотаздымкаў з сямейнага архіву.

Таленавіты юнак атрымаў выдатную прафесійную падрыхтоўку пад кіраўніцтвам вядучых пейзажыстаў расійскай акадэмічнай школы – Шышкіна і Куінджы. Значную ролю ў развіцці яго эстэтычнага далягляду адыгралі падарожжы. Аднак большасць значных твораў Фердынанд стварыў альбо ў Багданаве, альбо ў яго ваколіцах. І самы вядомы, цяпер ужо хрэстаматыйны, твор «Зямля» задуманы, падгледжаны і выкананы менавіта тут. Багданава было для Рушчыца той эмацыянальнай асновай творчага быцця, дзе мастак адчуваў сябе ўтульна, быў натхняльнікам у жыцці і творчасці.

Памятаю першае сваё ўражанне, калі глядзеў на гэтае палатно ў далёкім юнацтве падчас адной са школьных экскурсій у савецкі тады Вільнюс. Не ведаю чаму, але ўжо тады адчуў подых менавіта нашай, беларускай зямлі, знаёмы з дзяцінства краявід.

Фердынанд Рушчыц шмат дзе пабываў: вучыўся ў Пецярбургу, працаваў у Кракаве, Варшаве, Вільні. У сакавіку 1897 года мецэнат Сава Марозаў прапанаваў за карціну «Млын зімой» 600 рублёў. Атрыманых сродкаў хапіла Рушчыцу на вандроўкі за мяжу. Варшава, Парыж, Берлін, Італія – салоны, выстаўкі, вернісажы – усюды яго карціны карысталіся папулярнасцю, знатакі адзначалі высокі густ, прыгажосць. Пасля паездкі ён пакідае запісы ў дзённіку: «Можна заставацца верным сваёй бацькаўшчыне, нягледзячы на ўсялякія спакусы… Бачым прыгажосць розных краін, дзівімся іх прыгажосці, аддаём ім належнае… Але ж любім толькі свой край, адчуваем, што ён належыць нам, а мы – яму».

Рушчыц спрабаваў сябе ў розных накірунках – ствараў эскізы дэкарацый да спектакляў Віленскага тэатра, арганізоўваў выставы твораў народнага мастацтва і сам афармляў іх. Плённым было супрацоўніцтва мастака з перыядычнымі выданнямі Віленскага краю.

Як ён і завяшчаў, пахаваны мастак у родным Багданаве, на старажытнай валожынскай зямлі, побач з яго дзедам, бабуляй, бацькамі. У касцёле ў суседнім Вішневе захоўваюцца дзве фрэскі работы Рушчыца, у Нацыянальным мастацкім музеі мелася яго карціна «Ля касцёла». У лістападзе мінулага года пры фінансавай падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лазане былі набыты з калекцыі ўнука мастака і перададзены ў дар яшчэ тры жывапісныя работы, якія адносяцца да ранняга перыяду творчасці майстра.

Імя Фердынанда Рушчыца ўнесена ЮНЕСКА ў каляндар памятных дат на 2020 год. Гэта ўжо не першы выпадак, калі ўвесь свет прызнае значнасць імёнаў нашых землякоў. Гэта яшчэ раз нагадвае пра нашу багатую на таленты Радзіму, пра тое, што адкрываюцца новыя старонкі нашай слаўнай гісторыі, што нам ёсць кім і чым ганарыцца.

Пасля смерці мастака была знойдзена картка, напісаная ім самім: «Калі я вымушаны буду з Вамі развітацца, прашу, каб мяне паклалі ў любую зямлю багданаўскую, у нагах маіх бацькоў найдаражэйшых…» І сёння, у дзень яго нараджэння, наша любая зямля з удзячнасцю ўзгадвае свайго слаўнага сына.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: