Падзяліцца:
«Роздум. Талака». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 11.10.2021
«Роздум. Талака». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

У суседнім пад'ездзе жыве дзяўчына-інвалід. Я не ведаю, як правільна называецца яе дыягназ, але дзяўчына не можа рухацца самастойна. Гадзінамі яна прастойвае ля пад'езда, з тугой паглядаючы на праходзячых міма людзей. А тыя часцей за ўсё сарамліва адводзяць позіркі, стараючыся хутчэй праскочыць міма.

Часам яе прагульвае бацька, высокі хударлявы мужчына. Дзяўчына рухаецца з цяжкасцю, чапляючыся за бацькаву руку, і такую карціну можна назіраць досыць часта.

Як зрэшты і падобныя карціны, калі бацькі вывозяць на калясках дарослых дзяцей, ці калі дзеці падобным чынам дапамагаюць старым бацькам.

Што ж, жыццё людское разнастайнае, і прырода далёка не для ўсіх шчодрая, таму людзей з абмежаваными магчымасцямі можна сустрэць не так ужо і рэдка.

Па-рознаму рэагуюць на іх тыя, у каго такіх праблем няма. Ад спачування, жадання памагчы, да непрыняцця, раздражнення агіды. А часцей – проста раўнадушша.

«Чужы боль не баліць», – досыць часта можна чуць такое выслоўе. Сапраўды, у наш час некаторыя ўсё больш аддаляюцца ў свой, любоўна выбудаваны свет, куды не хочуць упускаць нікога.

Як казкі, успрымаюцца імі расповяды, як некалі людзі жылі ў камунальных кватэрах, дзе не толькі былі сваркі і ўсялякія разборкі, а часцей прыклады амаль сямейных адносін, узаемнай падтрымкі і спагады. Такія прыклады можна было б прывесці і з вясковага жыцця, калі талакой будавалі хаты, талакой убіралі ўраджай.

Дарэчы, вельмі ёмкае беларускае слова «талака», што характарызуе даўнія традыцыі нашага народа.

У адрозненне, скажам, ад нашых еўрапейскіх ці больш далёкіх суседзяў, рысы калектывізму больш характэрныя менавіта для нас, пра што сведчыць гісторыя.

Але глабальныя сёння суадносіны розных народаў і розных традыцый прыносяць да нас для пераймання і іншыя каштоўнасці, самыя яркія з якіх – ігнараванне таго, што не стасуецца з нашымі пачуццямі і жаданнямі, з нашымі звычкамі, хоць яны могуць не адпавядаць агульным нормам.

І якая тады справа да суседзяў-інвалідаў, да бабулькі, якая не можа самастойна перайсці дарогу.

Любіць жывёл, безумоўна, трэба, але калі добрае адчуванне ўласнага пёсіка даражэй за інтарэсы тых, хто побач, калі ўмовы ўтрымання жывёл больш камфортныя, чым у некаторых людзей, калі іх гадаванцы пад умілённым поглядам гаспадароў ператвараюць кветнікі і алеі ў грамадскі туалет…

І нібыта паслухмяныя грамадзяне, але падобныя гаспадыры, дэманстратыўна не зважаюць на таблічкі, дзе напісана, што выгул сабак у тым месцы забаронены.

Сусветная пандэмія выявіла разам са сваімі жахлівымі якасцямі і прыкметы новага хамства – дэманстратыўнага ігнаравання прынятых мер перасцярогі.

Паглядзіце, колькі ў грамадскім транспарце, дзе праз кожныя дзве-тры хвіліны нагадваюць аб нашэнні медыцынскіх масак, людзей, якія на гэтыя заклікі не звяртаюць ніякай увагі.

А паспрабуйце зрабіць заўвагу, пачуеце такое, што потым за валяр'янку давядзецца брацца.

Увогуле, праходзячы міма той жа бабулькі, чалавека, які раптам узяўся за сэрца, некаторыя нібыта дэманструюць, што да таго, што навокал, ім не няма ніякай справы, усведамляючы, часам, што іх зварот, або іх цікавасць можна быць няправільна зразумета.

Паспрабуйце, убачыўшы малога, з захапленнем адазвацца, які ён мілы і прыгожы, ці прапанаваць пажылой жанчыне, якая выходзіць з транспарту, памагчы патрымаць яе цяжкую сумку, сустрэнеце насцярожанасць ці непрыкрытую варожасць.

Некаторыя проста перасталі верыць у чалавечую спагаду і ветлівасць.

Талака. Беларуская наша родная талака – ёсць сведчанне адзінства, узаемавыручкі, сяброўства і вернасці.

Гэта тое, што вызначае нашу годнасць, нашы традыцыі, лепшыя рысы нашага народа.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: