Мая бабуля ніколі не была ў тэатры. Але таму, колькі яна ведала імёнаў беларускіх актораў, мог бы пазайздросціць і сталічны тэатрал.
«Чуеш, унук? Гэта Рахленка, пазнаю яго голас, а гэта Ржэцкая...»
Радыё ў нашай хаце ніколі не выключалася. Я глядзеў на гэтую вялікую чорную талерку і дзівіўся: як там хаваецца столькі галасоў і розных гукаў?!
Бабуля перажывала за Канстанціна Заслонава, абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Апошні радыёспектакль гучаў даволі часта, і я чуў стрэлы, выбухі, і ўяўляў сябе сярод гэтых гераічных людзей.
Таксама я слухаў казкі і дзіцячыя пастаноўкі пра Міколку-паравоза, палескіх рабінзонаў. Што ўсё гэта называецца радыётэатрам, я тады не ведаў.
Цяпер мне добра вядома, што радыётэатр гэта такая форма тэатральнага мастацтва, у якой праз уласцівыя для радыё сродкі выказвання ствараюцца арыгінальныя пастаноўкі. У іх аснову пакладзены літаратурны ці музычны твор, альбо ўласная драматургія.
Сапраўды, уявіць сабе дзеянне, рухі герояў, іх пачуцці толькі на слых – дзеля гэта патрэбна вялікае майстэрства рэжысёраў і актораў!
Памятаеце фразу адной актрысы з папулярнага некалі фільма: «у мяне была роля форткі»? Аказваецца, голасам можна перадаць, як зачыняецца ці адчыняецца фортка. І не толькі голасам. У радыёстудыі можна зымітаваць шум ветра, рокат марскіх хваляў. І нават самы дасведчаны знаўца не адрозніць на слых гэтыя гукі ад сапраўдных.
Гісторыя айчыннага радыётэатра бярэ пачатак з дваццатых гадоў мінулага стагоддзя з аднаактовай п'есы «Чорт і баба», радыёп'ес па творах беларускіх пісьменнікаў Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Міхася Лынькова.
Найвышэйшага мастацкага ўзроўню радыётэатр дасягнуў у васьмідзесятыя гады, пра што сведчала прысуджэнне Дзяржаўнай прэміі БССР радыёспектаклям «Векапомныя дні» Міхася Лынькова, «Хамуціус» Аркадзя Куляшова, «Рыбакова хата» Якуба Коласа, «У тумане» Васіля Быкава.
У часы перабудовы многім здалося, што гэты жанр на радыё сябе вычарпаў. Новыя бурныя часы патрабавалі дынамікі, кароткіх формаў.
Дарэчы, падобнае было ўжо і з традыцыйным тэатрам. Але, як і сцэнічнае мастацтва, радыётэатр выжыў, набыў новае цікавае жыццё. Слухачам палюбіліся радыёсерыялы і радыёінсцэніроўкі па творах беларускіх і замежных пісьменнікаў, радыёкампазіцыі.
З'явіліся і арыгінальныя радыёп'есы, створаныя адмыслова для радыё нашымі драматургамі.
Дарэчы, якраз у гэтыя дні пастановачная група Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё пачынае працу над прэм’ерай радыёспектакля «Найдорф» па аднайменнай аповесці лаурэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Івана Пташнікава. Гэтая пастаноўка прысвячаецца 75-годдзю Вялікай Перамогі. Дзеянні ў творы адбываюцца ў 1944 годзе, падчас падрыхтоўкі аперацыі «Баграціён». Лёсы галоўных герояў – байцоў партызанскай брыгады і іх сем’яў – непарыўна звязаныя з тымі трагічнымі і гераічнымі падзеямі.
А напярэдадні Дня тэатра, які мы будзем адзначаць заўтра, канал «Культура» аб'явіў конкурс радыёп'ес, прысвечаны 95-годдзю Беларускага радыё. Прафесійнае журы з ліку спецыялістаў у галіне драматургіі, тэатра і мастацкага радыёвяшчання да 10 лістапада вызначыць пераможцаў.
Упэўнены, што тыя, хто слухае тэатр перад мікрафонам, могуць лічыць і сваім святам Дзень тэатра. Віншую ўсіх аматараў мельпамены і, канешне ж, сваіх калег – стваральнікаў унікальных твораў радыёдраматургіі!