Падзяліцца:
«Роздум. Ці падорыць Дзед Мароз кніжку?» Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 28.12.2022
«Роздум. Ці падорыць Дзед Мароз кніжку?» Радыёблог Навума Гальпяровіча

«Самы лепшы падарунак – кніга», – казалі мне ў маім дзяцінстве. І я марыў пра такія падарункі, асабліва на Новы год ці ў дзень нараджэння, які ў мяне, дарэчы, выпадае на Стары Новы год.

Кніга для мяне была самым лепшым заняткам. Я амаль штодня бегаў у гарадскую дзіцячую бібліятэку, не мінаў школьнай. А калі ў доме паявіліся першыя ўласныя кнігі, я з гонарам паглядаў на сціплую этажэрку і любаваўся пераплётамі і вокладкамі сваіх лепшых сяброў – кніг.

Сёння гэта гучыць крыху нязвыкла, бо нават самыя «прасунутыя» юныя чытальнікі адносяцца да чытання досыць цвяроза, дзелячы сустрэчы з друкаваным словам з інтэрнэтам, іншымі захапленнямі.

А некаторыя дзеткі, асабліва, калі не атрымалі першых урокаў чытання ад бацькоў, увогуле лічаць гэты занятак нудным і непатрэбным для сябе.

Сёння дзіцячае чытанне становіцца клопатам многіх дарослых – бацькоў, школы, грамадства.

І сапраўды, мы ўбачылі, што дзеці, якія не чытаюць кніг, шмат страчваюць у развіцці, не так успрымаюць гісторыю і рэчаіснасць, не атрымліваюць веды пра свой край, урокі мужнасці, высакародства, годнасці.

Праблемам дзіцячага чытання быў нядаўна прысвечаны пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі, на які былі запрошаны выдаўцы, педагогі, бібліятэкары, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. Падчас пасяджэння былі абмеркаваны накірункі развіцця дзіцячай літаратуры, а таксама пытанні, якія паўстаюць перад пісьменнікамі і кнігавыдаўцамі.

Асноўнымі пытаннямі, якія былі абмеркаваны падчас пленума, сталі развіццё і папулярызацыя дзіцячай літаратуры. Як адзначылі дакладчыкі і выступоўцы, у сучасным лічбавым сусвеце, які перанасычаны інфармацыяй, цікавасць да кнігі падае. Прэстыжнасць, абранасць і элітарнасць папяровага выдання значна ніжэйшая, чым у мінулыя эпохі. Менавіта таму перад дзіцячымі пісьменнікамі стаіць важная задача: прывіваць любоў да кнігі з самага дзяцінства. Акрамя таго, сучасная дзіцячая і падлеткавая літаратура павінна не толькі знаёміць з сусветам, але і быць актуальнай, даваць адказы на пытанні, з якімі сутыкаецца дзіця.

Многія дзяліліся сваім вопытам па арганізацыі дзіцячага чытання.

У прыватнасці, у сталічнай бібліятэцы №7 ёсць «Тынейджарская пляцоўка» — яе наведваюць падлеткі і абмяркоўваюць свае справы. Яны бачаць, якія кнігі ёсць у бібліятэцы, што чытаюцца, напрыклад, выданні па псіхалогіі — гэта выклікае іх цікавасць.

Дарэчы, ідэя «Тынейджарскай пляцоўкі» належала бібліятэкарам, якія працуюць у гэтай установе — яны адданыя сваёй справе і ўважліва ставяцца да чытачоў.

Цяпер дзеці самі выбіраюць час, калі прыйсці ў клуб і нешта абмеркаваць, прычым не толькі кнігі.

«Пытанні развіцця сучаснай дзіцячай літаратуры з’яўляюцца вельмі актуальнымі, – адзначыў прадстаўнік Міністэрства адукацыі. Роля кнігі, каштоўнасць дзіцячага чытання ў грамадскай свядомасці асабліва высокая. Кніга — магутны сродак выхавання, які садзейнічае развіццю ў дзяцей любові да нашай Радзімы і роднай мовы. Кніга, якая прачытана ў дзяцінстве, застаецца ў памяці надоўга, уплывае на далейшае развіццё, фарміруе светапогляд, выпрацоўвае пэўныя нормы паводзінаў. Чытанне пранізвае ўсе этапы жыцця: дзяцінства, юнацтва, сталасць. Сучасная дзіцячая літаратура імкліва змяняецца, яна перастае быць проста займальнай ці асветніцкай. Яна дэмаструе мадэлі паводзінаў, дапамагае разабрацца ў той ці іншай сітуацыі.

Безумоўна, тое, што было сказана на гэтым пісьменніцкім форуме, актуальна і своечасова. Але адной нават самай зацікаўленай і канструктыўнай размовай праблему ў адначассе вырашыць, вядома, цяжка.

Вяртаць радасць чытання дзецям і падлеткам, ствараць высакаякасную захапляючую літаратуру для іх — задача важкая і маштабная.

І тады перад навагоднімі святамі нашы дзеці разам з іншымі жаданнямі падарункаў ад Дзеда Мароза будуць чакаць добрую кнігу.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: