Сёння па традыцыі супрацоўнікі музея Якуба Коласа, пісьменнікі, журналісты, аматары літаратуры прыйдуць да помніка песняру на Вайсковых могілках на жальбіны, бо менавіта 13 жніўня 1956 года перастала біцца сэрца народнага паэта Беларусі.
У гэты дзень ён яшчэ паспеў пабываць у ЦК партыі з прапановамі па развіцці нацыянальнай культуры і мовы, прыйшоўшы дадому, пачаць пісаць ліст свайму перакладчыку Мазалькову ў Маскву, але ў сярэдзіне дня яго не стала.
Шмат можна гаварыць пра значэнне класіка для роднай літаратуры, аб яго грамадзянскай пазіцыі, дзяржаўнай і асветніцкай дзейнасці.
Шматгранная творчая спадчына Якуба Коласа – гэта неад'емная частка духоўнага набытку беларусаў, невычэрпная крыніца мудрасці, сапраўды народнага духу.
Да сённяшняга дня яго пранікнёныя радкі пра родны кут, які нам мілы кранаюць душу сучаснікаў сваёй глыбінёй і шчырасцю. Разам з тым ён узбагаціў айчыннае прыгожае пісьменства, вывеў літаратурны набытак сваёй Радзімы на больш высокі ўзровень. Нездарма творы Коласа перакладзены на многія мовы свету, сталі сапраўднай візітоўкай айчыннай літаратуры ў міжнародным супольніцтве.
Неацэнная заслуга слаўнага сына беларускага народа ў выхаванні патрыятызму, любові да роднага слова, беражлівага стаўлення да нацыянальнай культуры.
Яго паэма «Сымон-музыка» – гэта глыбокі роздум пра ролю і значэнне творчасці, пра месца творцы ў грамадскім жыцці.
Можна шмат гаварыць і пра чалавечыя якасці Песняра, яго ролю бацькі і дзядулі, бо яго нашчадкі і сёння годна нясуць яго славу і вялікую духоўную спадчыну.
Урокі Коласа для нас сёння і ў тым, якой была яго грамадзянская пазіцыя, наколькі клапаціла яго паўсядзённае жыццё народа, наколькі проста і годна ён жыў сярод людзей, як успрымаў клопаты кожнага, як гатовы быў прыйсці на дапамогу тым, хто да яго звяртаўся.
І тут важна, на мой погляд, падкрэсліць тое, што для сапраўднага літаратара важна не толькі жыць сваім унутраным светам, што праз свае думкі, уражанні, уласныя боль ці радасць перадаваць сваю эпоху, тое, чым жывуць і пра што думаюць яго сучаснікі.
І хоць сёння мы жывём у іншы час, Колас па-ранейшаму сучасны і блізкі, патрэбны нам як духоўны настаўнік і верны патрыёт свайго роднага краю.