Падзяліцца:
«Роздум. Урокі высокага патрыятызму». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 15.10.2020
«Роздум. Урокі высокага патрыятызму». Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

«Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа, дзе Сафійка плыве над Дзвіною, нібы карабель...» Гэтыя і іншыя радкі Уладзіміра Караткевіча прагучаць у дзень нараджэння класіка на канале «Культура» Беларускага радыё ў выкананні пераможцаў інтэрактыўнага радыёконкурса чытальнікаў «Быў. Ёсць. Буду», прысвечанага 90-гадоваму юбілею аднаго з самых яркіх айчынных творцаў, адданага патрыёта роднай Беларусі.

Сёння завяршаецца другі этап адбору прэтэндэнтаў, калі вызначыцца так званы шорт-ліст удзельнікаў. Радыё атрымала дзясяткі заявак з розных населеных пунктаў краіны. Удзельнікамі конкурсу пажадалі стаць прадстаўнікі творчых калектываў, аб’яднанняў па інтарэсах, прафесійныя артысты, журналісты, а таксама шматлікія аматары.

Згодна з умовамі ў другі этап конкурсу прайшлі звыш пяцідзесяці чытальнікаў самых розных узростаў, пачынаючы з шасці гадоў.

Шмат работ прадстаўлена з радзімы Караткевіча – Оршы. Заяўкі прыйшлі таксама з Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай, Брэсцкай абласцей, нашай сталіцы.

Прыемна, што конкурс выклікаў цікавасць не толькі ў жыхароў нашай краіны. Свае заяўкі прыслалі слухачы з суседняй Украіны.

Імёны ўладальнікаў прызавых месцаў па дзвюх катэгорыях і чатырох узроставых групах згодна з рашэннем журы, а таксама трох пераможцаў па выніках інтэрнэт-галасавання стануць вядомыя ў пачатку лістапада. Лепшыя чытальнікі атрымаюць падарункі і будуць запрошаны на запіс святочнай перадачы да юбілею з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, якая прагучыць у эфіры канала «Культура» 26 лістапада.

І ў гэтай сувязі мне хацелася б паразважаць пра ролю паэзіі, мастацкай літаратуры на Беларускім радыё, тым больш, што ў лістападзе мы будзем адзначаць 95-годдзе нацыянальнага радыёвяшчання.

За ўсю сваю багатую гісторыю мастацкае роднае слова было заўсёды візітоўкай айчыннага радыё, на яго хвалях гучалі галасы класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, слухачы знаёміліся з лепшымі творамі беларускіх аўтараў, гучалі радыёпастаноўкі і кампазіцыі па іх вершах і апавяданнях, ставіліся радыёспектаклі.

Нашы дыктары і артысты заўсёды былі эталонам выканальніцкага майстэрства, правільнага гучання беларускага слова. Сваё майстэрства на радыё атточвалі многія выдатныя майстры сцэны.

Але самае галоўнае – з эфіра слухачы атрымлівалі сапраўдныя ўрокі высокага патрыятызму, любові да сваёй Бацькаўшчыны, роднай культуры, мастацкага слова.

Сёння таксама шмат цікавага, адметнага, карыснага можна пачуць на ўсіх каналах нашага радыё. Па-ранейшаму госці нашых студый – выдатныя аўтарытэтныя людзі краіны, шмат увагі ўдзяляецца адлюстраванню нашай духоўнай спадчыны.

Літаратура і мастацтва на хвалях Беларускага радыё займае дастойнае месца, спрыяе не толькі знаёмству нашых слухачоў са скарбамі айчыннай культуры, творчасцю нашых сучаснікаў, а што галоўнае, выхоўвае пачуццё гонару і павагі да духоўных здабыткаў народа.

І конкурс чытальнікаў «Быў. Ёсць. Буду» таксама служыць гэтай высакароднай мэце.


Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: