Падзяліцца:
«Роздум. Урокі Янкі Маўра». Радыёблог з Навумам Гальпяровічам
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 12.05.2023
«Роздум. Урокі Янкі Маўра». Радыёблог з Навумам Гальпяровічам

«Далёка-далёка ад нас, на другім баку зямлі, можна сказаць, супраць нашых ног, на поўнач ад Аўстраліі, ляжыць вялікі востраў Новая Гвінея. На дзве з паловай тысячы кіламетраў працягнуўся ён у даўжыню і больш чым на шэсцьсот кіламетраў — у шырыню. Увесь год растуць і цвітуць там розныя дзіўныя расліны...»

Гэта я цытую пачатак аповесці Янкі Маўра «У краіне райскай птушкі», напісанай у далёкім 1926 годзе, і якую я з задавальненнем раіў пачытаць майму васьмігадоваму ўнуку.

Гэтая прыгодніцкая аповесць, як і раман «Амок» адкрылі новую старонку дзіцячай беларускай літаратуры, незвычайную для таго часу, захапляючую і цікавую.

Як і далейшыя творы пісьменніка для дзяцей – «Палескія рабінзоны», «ТВТ» і іншыя, якія сталі любімымі для многіх пакаленняў беларусаў.

Янку Маўра, прадаўжальніка традыцыі Жуля Верна, Фенімора Купера і Майн Рыда, заслужана лічаць заснавальнікам прыгодніцкага жанру ў беларускай літаратуры.

«Я належу да таго пакалення людзей, чыё дзяцінства кнігі Янка Маўра поўнілі шчаслівым жыватворчым захапленнем ад нечаканых адкрыццяў і пазнання незнаёмага дзівоснага свету…» Гэта выказванне належыць вядомай беларускай пісьменніцы Алене Васілевіч. І такія словы маглі б паўтарыць многія, у тым ліку і я. Памятаю ўражанне ад яго аповесці «ТВТ». Яна, як і аповесць Аркадзя Гайдара «Цімур і яго каманда» былі настольнымі кнігамі майго дзяцінства.

Янка Маўр – сапраўднае Іван Міхайлавіч Фёдараў — лаўрэат Дзяржаўнай прээміі БССР, заслужаны дзеяч культуры – адзін з тых волатаў айчыннай літаратуры, якімі можа ганарыцца наш народ. Таму ягоны юбілей, а ён нарадзіўся 11 мая (гэта ўжо па новым стылю) 1883 года, шырока адзначаецца ў нашай краіне.

Гэта яшчэ і нагода паразважаць пра сённяшнія здабыткі нашай дзіцячай літаратуры, пра значэнне чытання для нашых дзяцей, пра той агульны клопат, каб разам з сучаснымі дасягненнямі інтэрнэта не страцілася ў хлопчыкаў і дзяўчынак цікавасць да папяровай кнігі.

Трэба сказаць, што кніжак для дзяцей у нас выпускаецца нямала. І айчынныя пісьменнікі актыўна ўдзельнічаюць у напісанні твораў для дзяцей.

Менавіта дзцячаму чытанню быў прысвечаны пленум саюза пісьменнікаў краіны. На ім адзначалася, што дзіцячая літаратура як цэласная сістэма мае вялікае значэнне. Яе варта разглядаць як духоўную скарбніцу, што закладвае фундамент нацыянальнай культуры, з’яўляецца ядром падтрымкі і прымнажэння багацця роднай мовы, асновай фарміравання моўнай культуры. Гэта азначае, па-першае, літаратура — крыніца ведаў, па-другое — сродак выхавання.

Разам з тым гаворка ішла і пра тое, што яшчэ не ўся, так бы мовіць, прадукцыя стваральнікаў дзіцячага чытання адпавядае запатрабаванням юных чытачоў, прыцягвае цікавасцю і займальнасцю.

Па сваім вопыце магу меркаваць, як няпроста выбраць цікавую дзіцячую кнігу. І таму ў гэтыя дні, калі мы адзначаем юбілей аднаго пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, варта засвойваць яго ўрокі, бо нездарма Іван Міхайлавіч быў выдатным школьным настаўнікам: пісаць для дзяцей трэба ярка, займальна, з нечаканымі адкрыццямі і пазнаннем незнаёмага дзівоснага свету.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: