Успаміны дзяцінства для кожнага з нас асвечаны незвычайным пачуццём, якое праз гады свеціць для нас як паходня, застаючыся на ўвесь час жаданым і цёплым куточкам у душы. І гэта не толькі лірыка і рамантыка, гэта адчуванне прыналежнасці да зямлі продкаў, да роднай прыроды, да таго, што называецца Радзімай.
У палесскай вёсцы Ліпляны, на самым ускрайку Беларусі, нарадзіўся мінчанін Ігар Жабароўскі. Скончыў матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, стаў сталічным жыхаром, завёў сям'ю. Але ўспаміны пра гады дзяцінства, пра сваю малую радзіму сталі для яго якраз высакародным абавязкам стварыць летапіс роднай вёскі, у выніку чаго з'явілася аб'ёмная кніга, аўтарам і ўкладальнікам якой стала беларускі гісторык Вольга Іванова.
На выданне такой кнігі Ігар Вячаслававіч выдаткаваў уласныя сродкі.
Біяграфія вёскі, што знаходзіцца ў Лельчыцкім раёне, базіруецца пераважна на вусных успамінах мясцовых жыхароў. Яна пачынаецца з легенды аб з’яўленні цудатворнай іконы на ліпе, а заканчваецца апісаннем сучаснай штодзённасці і этнаграфічным матэрыялам – замовамі, спевамі, вершамі.
Кніга багата ілюстравана. Мае электронны дадатак з запісамі аповядаў вяскоўцаў, якія сабралі супрацоўнікі Беларускага архіва вуснай гісторыі.
Здавалася б, зусім не бестсэлер, не утрымлівае захапляючага сюжэта, але для многіх чытачоў і даследчыкаў гэта ўнікальны твор. Праз біяграфіі і лёсы звычайных людзей, праз вясковы фальклор паўстае абагулены партрэт народа з яго характарам, звычаямі, адметнасцю.
Гэта не адзінае такое выданне. Мне ўжо даводзілася расказваць пра кнігу «Запозненае прызнанне» журналіста і грамадскага дзеяча Васіля Драгаўца. Гэта расповед пра яго родныя мясціны на Нясвіжчыне. Гэта гісторыя адной сям'і, аднаго роду, што таксама становіцца часцінкай гісторыі нашай Бацькаўшчыны.
У Беларусі сёння дваццаць чатыры тысячы вёсак, кожная з якіх унікальная сваёй гісторыяй, характарам і культурай.
Дык што, пра кожную трэба выдаваць кнігі? – спытаеце вы. Безумоўна, не. Але з'яўленне такіх выданняў для многіх з нас абудзіць уласныя ўспаміны, бо, хоць многія ўжо нарадзіліся ў гарадах, у вёсках жылі іх любыя дзяды і бабулі, там яны далучаліся да жывой гісторыі свайго роду, свайго роднага краю.
Гэтыя вобразы дзяцінства, гэты зварот да традыцый дапамагае не толькі ведаць уласную гісторыю. Гэта ўсведамленне таго, кім ёсць чалавек на гэтай зямлі, чым ён можа ганарыцца, што перадаць сваім дзецям і ўнукам.
Гэта тое, што аб'ядноўвае і робіць людзей мацнейшымі, што ўсяляе веру ў заўтрашні дзень.
Гэта напамін пра тое, што нельга жыць па-за сусветам сваіх продкаў з іх жывой гісторыяй, мовай і песнямі, з тым, што ва ўсе часы называлася роднай зямлёй, адзінай Айчынай.