Любіць сваю Радзіму, ганарыцца продкамі, шанаваць гісторыю роднай зямлі мы пачынаем з самага дзяцінства. І вельмі важна, калі ёсць людзі – бацькі, настаўнікі, знаёмыя і сябры, якія падзеляцца сваім досведам, дапамогуць зразумець значнасць і велічнасць самых, бывае, простых рэчаў, праз якія дзеці атрымаюць першыя ўрокі патрыятызму.
Вучням з вёскі Гудзевічы, што на Мастоўшчыне, у гэтым сэнсе пашанцавала. З 1948 года, калі ўпершыню прыйшоў у школьны клас малады настаўнік Алесь Белакоз, і да самай смерці ў 2016 годзе ён аддаваў свае сілы для вывучэння разам з вучнямі гісторыі роднага краю. Любові да роднага мастацкага слова. Як адзначаюць спецыялісты, ён распрацаваў спецыяльную методыку далучэння вучняў да літаратурна-краязнаўчага пошуку, музейнай справы і з-за гэтага да каштоўнасцей беларускай гісторыі і культуры. Ён стаў заснавальнікам унікальнага краязнаўчага музея. Першыя экспанаты датуюцца 1965 годам. Менавіта яшчэ тады дзеці пад кіраўніцтвам Алеся Мікалаевіча пачалі пісаць лісты пісьменнікам, мастакам, дзеячам навукі і культуры з просьбай даслаць выказванне пра беларускую мову, чарнавік ці рукапіс свайго твора, кнігу з аўтографам і інш. Назбіралася многа матэрыялаў і быў адчынены школьны літаратурна-краязнаўчы музей.
Музей стаў цэнтрам патрыятычнага выхавання і за гады існавання перарос адзін школьны пакойчык. Калі ў 1981 годзе пабудавалі новую двухпавярховую школу, тады пад музей аддалі цэлы будынак старой школы, дзе пасля рамонту ў 1984 годзе была адчынена новая экспазіцыя, якая складалася з дзвюх літаратурных залаў, залы народнай творчасці і залы літаратурнага мастацтва.
У 1990 годзе загадам Гродзенскага упраўлення культуры на аснове рашэння Мастоўскага раённага Савета народных дэпутатаў музей стаў дзяржаўным. Тады ж пад яго быў перададзены 2-гі школьны будынак, дзе размясціліся музейныя фонды, а таксама былі аформлены дзве залы лёну і ткацтва, зала народнай медыцыны.
Сёння літаратурна-этнаграфічны музей мае статус дзяржаўнага і налічвае больш за 12 тысяч экспанатаў, сабраных Белакозам разам з вучнямі.
У 2002 годзе адчынілася зала “Практычнага ткацтва”, дзе размясціліся некалькі дзеючых вялікіх кроснаў, на якіх супрацоўніцы музея ткуць прыгожыя посцілкі, ручнікі, паяскі, падвойныя дываны.
Зараз у музеі ідзе актыўная работа па рээкспазіцыі. Ужо адноўлены і працуюць для наведвальнікаў залы, якія напаўняюцца новымі экспанатамі. Дзякуючы ўнікальнай сабранай калекцыі рэдкіх артэфактаў – кніг, аўтографаў, твораў выяўленчага мастацтва, вырабаў народнага ткацтва, разнастайных прыладаў працы з сялянскага хатняга побыту, гербарыяў, калекцыі дакументаў па гісторыі Гудзевічаў – фонды музея маюць вялікую каштоўнасць не толькі для свайго рэгіёну, але і для культурнай спадчыны рэспублікі.
Гэта яскравы прыклад таго, як рупнасць і энтузіязм апантаных людзей служыць выхаванню патрыётаў роднага краю.