Падзяліцца:
“Роздум. Высокае слова Настаўнік”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 27.08.2020
“Роздум. Высокае слова Настаўнік”. Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Заканчваецца лета. І хоць удзень яшчэ досыць спякотна, ранішняя прахалода нагадвае пра хуткую восень. Я ведаю, што для многіх з нас гэта яшчэ і падрыхтоўка дзяцей да школы, і хваляванне перад тым, як упершыню пераступіць парог вышэйшай навучальнай установы, каледжа, і ўспамін пра ўласнае дзяцінства і школьныя гады.

Я памятаю тое пачуццё чакання свята, калі на ўрачыстай лінейцы мяне назавуць першакласнікам, калі сяду за парту, і ў клас зойдзе настаўніца. Мне ўжо загадзя выдалі падручнікі, і я з захапленнем перагортваў іх старонкі, глядзеў на малюнкі і ўяўляў свае будучыя ўрокі.

Канечне, гэта было даўно, і цяперашнія дзеткі крыху іншыя, але, я спадзяюся, што першае верасня яны таксама чакаюць з хваляваннем і радасцю.

Мне пашанцавала: мая першая настаўніца Тамара Фёдараўна была з намі з першага класа і да заканчэння школы. Яна была для многіх з нас нібы другой маці, і мае аднакласнікі, ужо закончыўшы школу і ўступіўшы ў самастойнае жыццё, запрашалі яе ганаровай госцяй на свае вяселлі, прыводзілі ў яе гасцінную кватэру сваіх дзетак, раіліся з ёй па сваіх дарослых жыццёвых пытаннях.

Яна заўсёды была для нас аўтарытэтам, дарадцам, я з хваляваннем дарыў ёй свае кнігі, чакаючы яе ўражанняў, ацэнак, як некалі, стоячы ля школьнай дошкі ў нашым класе.

З удзячнасцю памятаю і іншых педагогаў. Настаўніца англійскай мовы Мая Іванаўна часта займалася па сваім прадмеце са мной пасля ўрокаў, бо ёй падабалася, што я праяўляў цікавасць да яе ўрокаў. Гэта было не рэпетытарства, я нават уявіць не мог, што за тыя заняткі трэба неяк разлічвацца.

Любоў да гісторыі мне прывіў Якаў Аляксандравіч. Гэта ён параіў нам з аднакласнікамі пісаць гісторыю сваёй вуліцы, запісваць успаміны ветэранаў пра Вялікую Айчынную вайну.

Не з усімі педагогамі ў некаторых нашых вучняў была поўная лагода: былі і “двойкі” ў сшытках і на ўроках, але я не памятаю, каб нехта мог нагрубіць настаўніку, праявіць непавагу.

Настаўнік, настаўніца… Памятаю, як я хваляваўся, калі ў першы клас адпраўляў уласных дзяцей: ці адчуюць яны тое, што адчуваў я пры сустрэчы са сваёй першай настаўніцай, ці стане для іх гэта верным шляхам у новае жыццё.

І калі сёння ў адрас настаўнікаў у сацыяльных сетках, у размовах можна сустрэць абразы, знявагу, адкрытую лаянку, становіцца вусцішна і трывожна. І крыўдна за многіх цудоўных педагогаў, за іх высакародную працу.

Кім вырастуць нашы дзеці, якую праўду панясуць праз сваё жыццё, калі з маленства ў іх не будзе павагі і пашаны да тых, хто дае ім веды, хто праводзіць з імі нават больш часу, чым уласныя бацькі?

Высокае і святое слова Настаўнік было і павінна быць менавіта такім.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: