Падзяліцца:
«Роздум. Высокая роля мастацтва». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.01.2023
«Роздум. Высокая роля мастацтва». Радыёблог Навума Гальпяровіча

На момант суцішацца гукі
Трамваяў, машын і людзей.
І музыка цёплыя рукі
На плечы мае пакладзе.

Так я напісаў некалі пасля аднаго з канцэртаў класічнай музыкі ў цудоўнай зале полацкага Сафійскага сабора.

Музыка… Памятаю, з адкрыццём гэтай залы і першым арганным канцэртам пад скляпеннямі Сафійкі, здаецца, сам горад папрыгажэў, напоўніўся нейкай унутранай мелодыяй, нібы разгладзіліся маршчыны ў стомленага і заклапочанага чалавека…

Культура і музыка ва ўсе часы выступалі аб'ядноўваючым фактарам, што гучыць найбольш актуальна цяпер, для ўсяго свету.

Гэта засведчыў адзін з першых у сёлетнім годзе канцэрт «Дружба без межаў» з удзелам славутага італьянскага кампазітара і дырыжора Паола Карломе ў вялікай зале Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

І канцэрт, і рэакцыя гледачоў, і настрой маэстра засведчылі, што менавіта мастацтва робіць свет лепшым, выклікае пачуцці спагады і сяброўства, што так неабходна людзям.

Дакрануўшыся да прыгожага, чалавек спрабуе ўнесці ў сваё жыццё як мага больш прыгожых рэчаў, імкнецца да дасканаласці, становіцца багацейшы душой.

Роля мастацтва ў жыцці чалавека настолькі вялікая, што, аднойчы авалодаўшы звычкай наведваць музеі і мастацкія галерэі, чытаць цікавыя кнігі, паэзію, захочацца дакрануцца да сусветнага духоўнага багацця, знаёміцца з новымі і цікавымі людзьмі, спазнаць мастацкія творы іншых народаў, пазнаёміцца з іх гісторыяй і культурай. Усё гэта прыносіць разнастайнасць і яркія фарбы ў наша жыццё.

Першыя канцэртныя афішы гэтага года:

Чайкоўскі, Іааган Штраус, дырыжор з Германіі Вільгельм Кайтэль, Джузэпэ Вердзі, Моцарт, наш Уладзімір Солтан і цудоўная опера па караткевічскім «Дзікім паляванні караля Стаха»…

І гэта толькі ў Вялікім оперным тэатры.

А наш сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі? Шмат новых прэм'ер, запісаў, канцэртаў.

І спецыялізаваны радыёканал «Культура», як раней, працягвае знаёміць вас з шэдэўрамі сусветнага і айчыннага мастацтва.

«Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?» , – напісаў у далёкім 1915 годзе наш класік Максім Багдановіч. І гэтае яго пытанне востра і эмацыйна гучыць і цяпер.

Як і раней, мы дбаем пра мір і згоду, пра братэрства народаў, пра шчырае добрасуседства.

І ў год, які аб'яўлены Годам міру і стварэння, – неацэнная роля музыкі і паэзіі, выяўленчага мастацтва, усяго таго, што называецца культурай, духоўным багаццем народа.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: