Падзяліцца:
«Роздум. Як нараджаюцца гарады». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 09.06.2023
«Роздум. Як нараджаюцца гарады». Радыёблог Навума Гальпяровіча

Як нараджаюцца гарады? Мала каму ў жыцці даводзілася бачыць, каб на месцы былых балот і лясоў паўставаў цудоўны людны горад, з высокімі шматпавярховымі дамамі, шырокімі вуліцамі і праспектамі. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала.

Далёкі 1960 год. Мы, вучні 9-й полацкай школы, шмат былі начуты, што непадалёк ад нашага старажытнага горада будуецца буйны нафтаперапрацоўчы завод, рабочы пасёлак, які сабраў на ўсесаюзную камсамольскую будоўлю сотні і тысячы маладых людзей з усіх куткоў Радзімы, што на месцы былых вёсак паўстане цудоўны горад.

Усё хацелася пабачыць на свае вочы. І вельмі былі ўзрадаваны, калі настаўнік гісторыі прапанаваў зрабіць пешы паход у вёску Новы двор, дзе быў цэнтр будаўніцтва.

Дзіцячая памяць захавала і прозвішчы першых будаўнікоў Антона Уласевіча і Пятра Блахіна, якіх мы пабачылі тады і пачулі іх расповяды пра будучы завод і горад. Дарэчы, імя Пятра Блахіна носіць сёння цэнтральная вуліца Наваполацка, як называюць яе мясцовыя жыхары «вуліцай без канца».

Ці мог я тады ўявіць, што шмат гадоў майго жыцця і журналісцкай працы будзе звязана з новым горадам, што буду мець гонар быць дэпутатам яго гарадскога савета, што менавіта на старонках наваполацкай гарадской газеты з'явяцца мае першыя вершы і славутае аб'яднанне «Крыніцы» дасць пуцёўку ў вялікую літаратуру, што праз шмат гадоў мне будзе прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна горада?

Журналісцкі і жыццёвы лёс звёў мяне з цудоўнымі людьмі, такімі як Герой Сацыялістычнай Працы, дырэктар вытворчага аб'яднання «Палімір» Леў Вітальевіч Наважылаў, кавалер Ордэна Леніна апаратчык адной з установак нафтаперапрацоўчага завода Яўген Харытонавіч Мамяка. Першы – прыехаў з берагоў Волгі, другі – наш, беларус, з блізкай ушацкай вёскі. Гэта адна з рыс маладога горада, дзе перапляліся лёсы рускіх і беларусаў, малдаван і грузін, татар і украінцаў, прадстаўнікоў, як сведчыць статыстыка, больш за ста нацыянальнасцяў. І ў горадзе разам з тым годна пачувалася беларуская мова, нацыянальная культура.

Ураджэнец Полацка паэт Валянцін Лукша адну са сваіх першых кніг назваў «Гарады нараджаюцца сёння». Ён пісаў яе не са слоў відавочцаў – сам Валянцін Антонавіч працаваў на будоўлі, быў адным з першых камсамольскіх сакратароў будучага горада нафтаперапрацоўшчыкаў і хімікаў.

А былы галоўны архітэктар горада, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за архітэктурнае рашэнне горадабудаўніцтва Макс Шляймовіч напісаў кнігу ўспамінаў пра стваральныя часы, калі горад, як чароўная птушка, паўставаў сярод зеляніны дрэў і блакіту азёр.

А хто не ведае імёны мастакоў Фелікса Гумена і Віктара Лук'янава, драматурга Аляксея Дударава, хакеістаў і легкаатлетаў, вадналыжнікаў і штангістаў, якія праславілі беларускі спорт ва ўсім свеце?

Але галоўныя героі і стваральнікі горада – будаўнікі і хімікі, рабочыя і інжынеры, кіраўнікі вытворчых калектываў, медыкі і настаўнікі – навапалачане.

Менавіта ў Наваполацку па ініцыятыве рэктара мясцовага палітэхнічнага інстытута Эрнста Міхайлавіча Бабенкі адрадзіўся Полацкі ўніверсітэт, які сёння носіць імя Ефрасінні Полацкай. Адрадзіўся, таму што на Полацкай зямлі быў у мінулых стагоддзях першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўніверсітэт.

Сёння я з хваляваннем пацісну рукі сваім даўнім сябрам і знаёмым, падпішу на сустрэчы ў бібліятэцы землякам свае кнігі, што выйшлі сёлета, пастаю ля помніка першай палатцы, а заўтра разам з сотнямі навапалачан і гасцей горада прыму ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах пад знакам «Гонар мой – мой горад». Цікавым мае быць рэканструкцыя вёскі 1958 года – месца нараджэння сённяшняга юбіляра.

Успамінаючы сваю рэпарцёрскую маладосць, на прамых уключэннях пастараюся перадаць для нашых слухачоў маляўнічую палітру свята.

Старажытная полацкая зямля шмат зведала за сваю больш як тысячагадовую гісторыю. У параўнанні з ёй 65 гадоў – адно імгненне. Але для жыцця пакалення – гэта значны адрэзак часу. Для соцень тысяч сучаснікаў і папярэднікаў – гэта ўвасабленне іх светлых мар, плён іх працы і натхнення.

Шчасця і новых здзяйсненняў табе, Наваполацк! Са святам!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: