“У бібліятэку сёння ніхто не ходзіць, ну, хіба такія “дыназаўры” як ты ,- заявіў днямі адзін суразмоўца. І тут жа, каб змягчыць сказанае дадаў: “Я не супраць бібліятэк, але яны павінны быць іншымі.”
Сказаць шчыра, хоць мяне сказанае пра тое, што «ніхто не ходзіць» разанула, я ўсё ж падумаў, што, па праўдзе, і я не так часта як раней завітваю ў любімыя заўжды кніжніцы. То часу не хапае, то нешта знаходжу ў інтэрнэце, ды жаданыя навінкі стараюся набыць у кнігарні. Хаця бібліятэкі і цяпер для мяне месца як кажуць “намоленае”. І не ўяўляў свайго ранейшага жыцця без гаючай цішыні чытальнай залы, шолаху кніжных старонак, якіх гарталі да мяне дзесяткі рук.
Час настолькі імкліва змяніўся, памяняў нашы звычкі і ўяўленні, што парой даводзіцца нанова асэнсоўваць звыклыя ісціны. Чаго ж сёння патрабуць ад бібліятэк “прасунутыя” сучаснікі?
У адказ суразмоўца спаслаўся на замежны вопыт. Асабліва ў гэтым сэнсе вызначылася Фінляндыя. Бібліятэкі ў Фінляндыі – гэта самыя сучасныя і добра абсталяваныя будынкі гарадоў, імі ганарацца, іх паказваюць турыстам, але галоўнае – імі карыстаюцца. Няма ў горадзе больш папулярных месц, чым чытальныя залы.
Асабліва ганарацца фіны бібліятэкай, пабудаванай нядаўна ў сталіцы краіны. Вялікае грамадскае значэнне новай бібліятэкі адбілася і на працэсе выбару яе назвы: грамадзяне прапаноўвалі свае варыянты, канчатковы спіс з 1600 пунктаў разгледзела журы з бібліятэкараў, літаратараў, афіцыйных асоб і спецыялістаў па маркетынгу. «Оодзі», гэта значыць «ода», - такая сённяшняя назва кніжніцы.
На першым узроўні знаходзяцца, акрамя стойкі адміністратара і г. д., кафэ-рэстаран і Kino Regina, кіназала Нацыянальнага аўдыёвізуальнага інстытута. Вышэй ярусам размешчаны адкрытая ўсім майстэрня з 3D-друкаркамі і лічбавымі станкамі, трансфармуемыя памяшкання для групавых праектаў і індывідуальных заняткаў, гуказапісвальныя студыі. На самым версе уладкованы «Кніжны рай» са стэлажамі і месцамі для чытання. На агульнай плошчы «Оодзі» у 17250 квадратных метраў таксама маюцца перагаворныя, фотастудыя, аўдыторыя і шматфункцыянальная зала, выставачныя прасторы. Адміністрацыйныя памяшканні і кнігасховішча займаюць мінімум месца, будынак у поўным сэнсе належыць гараджанам. Менеджэры засталіся ў галоўнай гарадской бібліятэцы, а кнігі можна хутка замовіць у агульнагарадской сетцы, таму адначасова захоўваць у будынку не трэба больш за 100 000 тамоў. Сістэма кнігазвароту цалкам аўтаматызавана, у ёй занятыя разнастайныя машыны, у тым ліку мабільныя робаты.
Што ж, можна парадавацца за фінскіх аматараў чытання. Але ж і нам ёсць чым ганарыцца. Прынамсі, нашай айчыннай Нацыянальнай бібліятэкай – арыгінальным шматпрофільным будынкам. Сёння гэта не толькі найбагацейшы збор кніг, але і вялікі мультыфункцыянальны цэнтр, дзе спалучыліся высокія тэхналогіі, ультрасучасны дызайн і незвычайная архітэктура. Нацыянальная бібліятэка Беларусі – гэта ўзор "інтэлектуальнага будынка” з сучаснымі інфармацыйна-тэхналагічнымі і інжынернымі сістэмамі. Важна, што тут ажыццяўляецца клопат пра сямейнае чытанне, прыцягненне юных наведвальнікаў.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ёсць дзіцячы пакой, дзе маці можа спакойна пакінуць свайго малога на час сваёй працы ў чытальнай зале. Там жа праводзяцца экскурсіі па музеі кнігі, ёсць аглядная пляцоўка на даху будынка, адкуль бачная ўся сталіца.
Пэўны вопыт навацый маюць і іншыя нашы кніжніцы. Безумоўна, сёння ў адначассі немагчыма ператварыць нашы бібліятэцы ў падобныя палацы. Але ўжо тое, што рух да новых форм працы патрэбны і пачынаецца ў кожным горадзе і раёне, сведчыць пра клопат дзяржавы пра ролю і значнасць нашых бібліятэк.
Ёсць у іх рабоце напрамкі, якія ніколі не губляюць сваёй значнасці. Выхоўваць любоў да роднага краю, пачуццё годнасці, гонару і павагі да звычаяў, традыцый продкаў, дапамагаць у пазнанні мінулага, сучаснасці, такім чынам уплываючы на рост духоўнай культуры насельніцтва. Так, звыклы погляд на бібліятэку і бібліятэчнага работніка мяняецца. Сённяшні сучасны бібліятэкар мае гуманітарную падрыхтоўку, неабходны аб’ём спецыяльных ведаў, уменняў і навыкаў. Ведае замежную мову. Умее працаваць з электроннымі дакументамі. Каб знайсці правільны адказ на некаторыя пытанні, неабходна мець пэўныя веды і навыкі, уменне арыентавацца ў якасных крыніцах, каб адсеяць арыгінальныя звесткі ад недакладных. Бібліятэкар – навігатар гэтых ведаў. Яму уласцівы прафесійнае мастэрства і наватарская творчасць.
Не ведаю, ці змог я перакаць свайго суразмоўцу ў тым, што і нашы бібліятэкі па-ранейшаму патрэбныя людзям. І прафесія гэтая запатрабаваная і пачэсная. Канечне, у тым, што новы час патрабуе новых падыходаў да функцыянавання нашых кніжніц, з ім можна пагадзіцца. Ды адпраўляць у архіў бібліятэчны свет зусім няварта.