Падзяліцца:
«Роздум. Юбілей неўміручай паэмы». Радыёблог Навума Гальпяровіча
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 19.07.2023
«Роздум. Юбілей неўміручай паэмы». Радыёблог Навума Гальпяровіча

У гэтую нядзелю аматараў летніх вандровак павінна прыцягнуць Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З народнага скарбу душы самабытнай”, якое адбудзецца на малой радзіме народнага паэта Якуба Коласа – Стаўбцоўшчыне, а менавіта на сядзібе Альбуць.

У Альбуці Кастусь навучыўся чытаць, адсюль хадзіў у народнае вучылішча ў вёску Мікалаеўшчыну, менавіта тут ён напісаў свой першы верш. Адсюль паехаў на вучобу ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, сюды ўлетку вяртаўся з Палесся ўжо маладым настаўнікам, Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам. Альбуцкія мясціны паэт уславіў у многіх творах, найперш у паэме “Новая зямля”.

Дарэчы, сёлета гэтая паэма адзначае важкі юбілей – стагоддзе!

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай.
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
I там душою спачываю.

Гэтымі радкамі, з якіх пачынаецца паэма, Якуб Колас назаўсёды ўвайшоў у гісторыю роднага народа як яго слынны пясняр, выказнік запаведных дум і памкненняў беларусаў.

Якуб Колас пачаў стварэнне паэмы ў Мінскім астрозе, дзе знаходзіўся за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе. Тут ён стварае першыя вершаваныя апавяданні пра жыццё сваёй сям’і ў канцы ХІХ стагоддзя. Напачатку ім у васьмі вершаваных апавяданнях былі занатаваны самыя яркія ўражанні маленства. Пасля гэтага, у яго з’явілася задума вялікага твора, прысвечанага найперш бацьку — лесніку на службе ў князёў Радзівілаў. Якуб Колас адчуваў свой сыноўні абавязак перад бацькам, які рана памёр.

Працаваў над ёй аўтар больш за дванаццаць гадоў: паэма была пачата ў 1910 г., а апошні раздзел — трагічная развязка — напісаны ў 1923 г. За гэты перыяд адбыліся значныя змены ў жыцці грамадства, і таму паглыбляецца творчая задума аўтара: з аповесці аб жыцці адной лесніковай сям'і паэма перарастае ў вялікі твор аб жыцці ўсяго беларускага сялянства. Праблемы зямлі і волі з'яўляюцца галоўнымі ў паэме.

У сваёй аснове паэма “Новая зямля” аўтабіяграфічная. Многія героі маюць прататыпаў: Міхал — бацька паэта, Ганна — маці, Антось — дзядзька. Паэма не абмежавалася аўтабіяграфічным матэрыялам. Напісаная паэтам-селянінам, яна ўвабрала ў сябе ўсю мудрасць народа, яго думы і імкненні.

Здавалася, Якуб Колас пісаў проста, але гэта геніяльная прастата. Ён гутарыў з чытачом даступнай мовай, прымушаючы таго здзіўляцца: маўляў, гэта ж і я так думаю. Не выпадкова ў вёсках вершы і раздзелы з “Новай зямлi” паэта многія ведалі на памяць. Але ж, з іншага боку, у яго творах схавана глыбокая філасофія, у іх шмат яркіх вобразаў.

Паэма “Новая зямля” прыдатная для таго, каб забраць яе ў касмiчны карабель i накiравацца з ёй у мiжзорнае падарожжа, каб пасля даводзiць iншапланецянам, хто такія беларусы, як гэта прапаноўваў Алесь Адамовiч. Дый і зямлянам гэтая кнiга скажа галоўнае пра космас беларусаў.

Дарэчы, па сведчанні былога дырэктара Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея песняра Зінаіды Камароўскай, у 30-х гадах мінулага стагоддзя Якуб Колас мусіў пісаў ліст, у якім адракаўся ад гэтага твора, адракаўся таму што ён не правільна расставіў акцэнты: ішла калектывізацыя, а ён славіць Міхала, які хоча займець свой кавалак зямлі:

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх выпутацца пут,
І там зажыць сабе нанова:
Свая зямля — вось што аснова.

Рукапісы “Новай зямлі” не захаваліся, яны згарэлі падчас Вялікай Айчыннай, як і бібліятэка народнага паэта. Аднак захаваўся ўнікальны экзэмпляр паэмы. 1941 год. У маі, перад самай вайной выйшаў сігнальны том чацвёртага выдання. А затым немцы знішчылі гранкі. І гэты адзіны экземпляр ён дорыць сваёй былой студэнтцы Аляксандры Жукоўскай. У канцы 80-ых кнігу прыносяць у музей.

У чым неўміручасць класікі? У тым, што яна актуальна ва ўсе часы.

Любіць сваю зямлю, даражыць спадчынай, захоўваць народныя традыцыі і нацыянальную самабытнасць – хіба не пра гэта пісаў класік сто гадоў таму? І сёння гэтыя яго высновы, выказаныя ў яркай паэтычнай форме, патрэбны сённяшнім і наступным пакаленням.

І блукаючы сцежкамі яго дзяцінства, ўдзельнікі будучай вандроўкі пранікнуцца самымі светлымі і высокімі пачуццямі.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: