Не толькі з карцінкі ў буквары, як спяваецца ў папулярнай песні. Напэўна, і з першых дзіцячых уражанняў пра свой горад, сваю вуліцу, сваю краіну.
Так напісаў у сваіх першых спробах пяра трэцякласнік 20-й сярэдняй школы горада Мінска Кандрат Лук'яненка.
Гэта была толькі адна з амаль сотні прадстаўленых работ на літаратурным конкурсе «Дэбют», што завяршыўся ў Першамайскім раёне сталіцы.
Гэты конкурс, у якім прымалі ўдзел творцы ад шасці да шасцідзесяці гадоў, стаў традыцыйным у раёне. Можна толькі уявіць, колькі давялося папрацаваць арганізатарам і журы, у якім актыўна ўдзельнічалі прафесійныя літаратары, каб у канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі адбылося ўрачыстае падвядзенне вынікаў і ўручэнне ўзнагарод пераможцам.
Мне ўпершыню давялося быць у складзе журы і я ніколькі не шкадую затрачанага часу, бо бясхітрасныя і часам пакуль каструбаватыя радкі вершаў і эсэ неслі непрыхаваную любоў да роднага кутка.
Адна з намінацый называлася «Ты ў сэрцы маім Першамайскі раён». Здаецца, што можна напісаць пра цэлы раён горада, у якім пражывае больш за 200 тысяч чалавек, дзе шмат устаноў, прадпрыемстваў, школ. Але ў многіх канкурсантаў знайшліся шчырыя і небанальныя радкі, свае асабістыя гісторыі, успаміны, якія выліліся ў вершы і эсэ.
Напісала адзінаццацігадовая Соф'я Ратомская з сярэдняй школы №197.
Дарэчы, прыемна, што многія юныя ўдзельнікі конкурсу выбралі беларускую мову. У гэтым несумненна значная роля належыць настаўнікам і бацькам, але у юных канкурсантаў іх мова афарбавана сваім адметным почыркам, паважлівым стаўленнем да слова.
Яшчэ адну акалічнасць хачу падкрэсліць. Адна з намінацый насіла назву «Мару, каб свет быў з вайной незнаёмы».
Дасланыя работы яскрава засведчылі міралюбны характар нашага народа. У паэтычных і празаічных радках гучалі не толькі заклікі берагчы мір, многія канкурсанты звярталіся да падзей Вялікай Айчыннай вайны, да подзвігаў і мужнасці нашых продкаў, якія цаной сваіх жыццяў уратавалі мір на нашай шматпакутнай зямлі.
Увогуле, конкурс паказаў, што сталася адным з тых складнікаў патрыятычнага выхавання, пра якое так шмат гаворыцца ў апошні час. Без фармалізму і параднасці, а дзейсным сродкам выхавання найлепшых якасцяў чалавека стала магчымасць выказаць свае пачуцці і думкі словам.
Словам, якое павінна ісці ад сэрца, ад глыбіні душы, бо няма нічога больш важнага і патрэбнага чалавеку, як свая родная зямля, мірнае неба і стваральная праца.