Так, шчодры на краскі і сонца ліпень падарыў нам выдатнага паэта і грамадзяніна, светача роднай літаратуры Івана Дамінікавіча Луцэвіча – нашага Янку Купалу.
Янка Купала ўзняў беларускае мастацкае слова на небывалую вышыню, яго творчасць параўноўваюць з лепшымі ўзорамі сусветнай літаратуры, яна ўяўляе сабой сапраўдную энцыклапедыю жыцця беларускага народа. Кожнае вымаўленае і напісанае слова ў вершы, прозе, драматургіі, публіцыстыцы належыць Беларусі і яе нацыянальнай культуры.
Пра сябе паэт дакладна сказаў у санеце «Бацькаўшчына»:
Вядомы рускі паэт Аляксандр Твардоўскі, які захапляўся творчасцю Купалы, пісаў пра яго так: «Лірык па складу свайго цудоўнага таленту, пясняр Беларусі, які выявіў сэрца яе з незвычайнай сілай, ён усёй сваёй паэтычнай існасцю як бы сімвалізаваў творчую моц народа».
Творчасць Янкі Купалы заслужыла сусветнае прызнанне — пра гэта сведчыць шырокі грамадскі рэзананс, які яна атрымала ў многіх краінах свету. Творы беларускага песняра перакладзены амаль на 100 замежных моў. Толькі верш «А хто там ідзе?» перакладзены больш чым на 80 моў народаў свету, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя — англійскую, арабскую, італьянскую, кітайскую, нямецкую, рускую, французскую, хіндзі, японскую і іншыя.
Заўтра да помніка Янку Купалу ў Мінску лягуць кветкі ад прадстаўнікоў грамадскасці, пісьменнікаў, навукоўцаў, а 9 ліпеня ў месцы, дзе нарадзіўся Пясняр, адбудзецца традыцыйнае свята паэзіі, песнi i народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі...»
Вершы, прысвечаныя Песняру, на яго радзіме прачытаюць беларускія паэты. Музычныя творы, натхнёныя Купалавымі радкамі, выканаюць Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», фальклорная група «Купалінка», фальклорны ансамбль «Ватра», этнічная група «Арацэя», мастацкія калектывы Маладзечанскага раёна.
Адбудуцца кірмаш рамёстваў і кніжны кірмаш. А шматлікія фотапляцоўкі дадуць магчымасць зафіксаваць гэты дзень у сямейным фотаальбоме.
Наша радыё таксама актыўна далучылася да святкавання Купалавага юбілею. Усе каналы прысвячаюць яму свае праграмы, а канал «Культура» заўтра ў гонар гэтай падзеі арганізоўвае цэлы радыёдзень, калі практычна ва ўсіх выпусках будуць гучаць словы пра песняра, яго важнейшыя творы.
Верш, радкі з якога я прывёў у самым пачатку нашай размовы, я завяршыў такімі словамі:
Хай жа светлая зорка яго паэзіі заўсёды будзе з намі!