Падзяліцца:
«Роздум. З каго браць прыклад?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)
  • Перадача: Радыёблог
  • Дата: 05.10.2021
«Роздум. З каго браць прыклад?» Радыёблог Навума Гальпяровіча (аўдыё)

Кожны год у першыя выхадныя кастрычніка мы традыцыйна адзначаем Дзень настаўніка. Не стаў выключэннем і сёлетні год, і, як заўсёды, прагучалі вершы і песні, цёплыя словы, былі ўручаны зваслужанныя ўзнагароды. І наступілі будні, і звычайныя настаўніцкія клопаты, і развагі пра тое, чым жыве сёння школа, якое пакаленне гартуецца ў яе сценах, чым сённяшняя праца педагога адрозніваецца ад класічных прыкладаў школьнага выхавання ў мінулыя стагоддзі.

Чамусьці прынята думаць, што мы змяніліся настолькі, што ўсё, чаму вучылі нас папярэднікі, сёння ўжо не мае сэнсу.

І вось ужо ў блогах усё часцей гучыць думка, што не трэба выхоўваць харошых хлопчыкаў і дзяўчынак, бо яны будуць непрыдатнымі да цяперашняга жыцця.

«Харошых» – тут гучыць з прыхаванай іроніяй і нават шкадаваннем. Маўляў, добра вучыцца, слухацца бацькоў, быць ветлівымі са старэйшымі і г.д. І прыводзяцца прыклады з біяграфій сучасных эстрадных «зорак», папулярных асоб, якія і дрэнна вучыліся і не слухаліся бацькоў, парушалі маральныя правілы, а сталі паспяховымі.

«Пэўна, я вас не так выхоўвала, – сказала аднаму з маіх былых аднакласнікаў наша першая настаўніца Тамара Фёдараўна ў адказ на яго расповед пра праблемы ў жыцці, скаргі на здрады былых сяброў, неразуменне з боку блізкіх.

А выхоўвала яна нас якраз быць харошымі людзьмі, любіць бацькоў, Радзіму, дапамагаць бліжняму.

Ды і кніжкі пра Васька Трубачова, Цімура і яго каманду, пазней пра Алеся Загорскага з рамана Караткевіча – хіба не вучылі быць харошымі людзьмі?

«Гэта твае праблемы!», – папулярны стаў выраз і для нашых дзяцей. А тое, што трэба дапамагчы, выручыць, паспачуваць – паспяхова здаецца ў архіў.

«Ня буду, маю права, хачу так, вы мне нічога не зробіце» – гаворыць вучань на ўроку настаўніку і здымае інцыдэнт на відэа.

А што бацькі? Для некаторых думка, што не трэба выхоўваць харошага чалавека, становіцца праграмай.

«Пастаяць за сябе, уцерці нос, надаваць па вушах» – з такімі парадамі, ці як там, лайф-хакамі прыходзяць дзеткі такіх бацькоў.

Пастаяць за сябе, вядома ж трэба, абараніць сваю годнасць, але якімі метадамі, супраць каго?

Нельга было раней уявіць вучняў, якія падымаюць руку на настаўніка, страляюць і нават забіваюць.

У кожнага з нас свае недахопы. У адных іх больш, у іншых меньш. Але гэта не значыць, што імкнуцца быць харошым чалавекам – загана, атавізм.

Удумаемся разам у гэтую праблему.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: